|
|
|
|
Случайный отрывок из текста: Фарид ад-дин Аттар. Рассказы о святых. Хазрат Мумшад Динвари
Шчырая праўда
— Жахлівае здарэнне! — сказала курыца, якая жыла зусім у іншым краі горада, а не там, дзе здарыўся выпадак. — Жахлівае здарэнне ў куратніку! Я проста баюся цяпер начаваць адна! Добра, што нас шмат на седале! І яна ўзялася расказваць, ды так, што ва ўсіх курэй пер'е паднялося дыбам, а ў пеўня скурчыўся грэбень. Сонца садзілася, і ўсе куры былі ўжо на седале. Адна з іх, белая каратканожка, курыца ва ўсіх адносінах прыстойная і паважаная, якая спраўна несла яек столькі, колькі трэба, сеўшы зручней, пачала перад сном чысціцца і распрамляць дзюбаю пер'е. І вось адна маленькая пярынка вылецела і ўпала на дол. — Бач, як паляцела! — сказала курыца. — Але нічога, чым лепш я прыбіраюся, тым болей прыгажэю! Гэта яна сказала проста так, жартам, — курыца ўвогуле была вясёлая па характары, але гэта ніяк не замінала ёй быць, як мы ўжо казалі, вельмі і вельмі паважанай курыцаю. Неўзабаве яна заснула. У куратніку было цёмна. Куры ўсе сядзелі поплеч, і тая, што была збоку з гэтай прыстойнай курыцаю, не спала яшчэ: яна не тое каб наўмысна падслухоўвала суседчыныя шэпты, але ўсё ж крыху чула іх, — бо так і трэба, калі хочаш мірна жыць з суседзямі. І вось яна не выцерпела і прашаптала другой сваёй суседцы: — Чула? Я не хачу называць імён, але тут ёсць курыца, якая можа вырваць на сабе ўсё пер'е, каб толькі быць прыгажэйшай. Каб была я пеўнем, дык пагарджала б ёю! Якраз над курамі сядзела ў гняздзе сава з мужам і дзеткамі; совы маюць востры слых, і яны пачулі ўсё, што тут гаварылі. Усе яны пры гэтым жвавей пакручвалі вачыма, а савіха махала крыллем, нібы веерамі. — Тс-с! Не слухайце, дзеткі! Зрэшты, вы, канечне, ужо чулі? Я таксама. Ах! Проста вушы вянуць. Адна курыца да таго дайшла, што пачала вырываць на сабе пер'е перад самымі вачыма пеўня! — Рrеnez gаrde аuх еnfаnts!* — сказаў сава-бацька. — Дзецям зусім не варта чуць такое! * Цішэй, тут дзеці! (фр.) — Трэба будзе расказаць пра гэта нашай суседцы, яна такая мілая асоба! І савіха паляцела да суседкі. — У-гу, у-гу! — загукалі пасля абедзве савы над недалёкай галубятняй. — Вы чулі? Вы чулі? У-гу! Адна курыца выскубла з сябе ўсё пер'е дзеля пеўня! Яна замерзне, замерзне насмерць! Калі ўжо не акачанела! У-гу! — Вур-вур! Дзе? Дзе? — вуркаталі галубы. — На суседняй сядзібе! Гэта амаль на маіх вачах было! Проста непрыстойна і гаварыць пра гэта, але ўсё тут шчырая праўда! — Верым, верым! — сказалі галубы і завуркаталі курам, якія сядзелі знізу: — Вур-вур! Адна курыца, кажуць, нават дзве курыцы выскублі з сябе ўсё пер'е, каб спадабацца пеўню! Небяспечная задума! Можна ж прастудзіцца і памерці, ды яны памерлі ўжо! — Кукарэку! — заспяваў певень, узлятаючы на плот. — Прачніцеся! — У яго самога вочы яшчэ зусім зліпаліся спрасоння, а ён ужо крычаў: — Тры курыцы загінулі ад няшчаснага кахання да пеўня! Яны выскублі на сабе ўсё пер'е! Такая вось непрыстойная гісторыя! Не хачу маўчаць пра яе! Няхай разыдзецца гэта па ўсім свеце! — Няхай, няхай! — запішчалі кажаны, закудахкалі куры, загарланілі пеўні. — Няхай, няхай! І гісторыя паняслася — з двара ў двор, з куратніка ў куратнік і дайшла нарэшце да таго месца, адкуль пачалася. — Пяць курыц, — гаварылі тут, — выскублі з сябе ўсё пер'е, каб паказаць, хто з іх болей схуднеў ад любові да пеўня! Пасля яны задзяўблі адна адну насмерць, на сорам і ганьбу ўсяму свайму роду і на страту сваім гаспадарам! Курыца, якая згубіла адну пярынку, канечне, не ўведала, што гэтая гісторыя пачалася з яе, і, як курыца ва ўсіх адносінах паважная, сказала: — Я пагарджаю такімі курамі! Але такіх нямала! Пра такія рэчы, аднак, нельга маўчаць! І я, са свайго боку, зраблю ўсё, каб гэтая гісторыя трапіла ў газеты! Няхай разыдзецца па ўсім свеце — гэтыя куры і ўвесь іхні род вартыя такога! І ў газетах сапраўды змясцілі ўсю гісторыю, і гэта шчырая праўда: адной маленькай пярынцы зусім не цяжка пераўтварыцца ажно ў пяць курыц!
|
![]() ![]() ![]() |
|||
|
© Василий Петрович Sеменов 2001-2012
Сайт оптимизирован для просмотра с разрешением 1024х768
НЕ РАЗРЕШАЕТСЯ КОММЕРЧЕСКОЕ ИСПОЛЬЗОВАНИЕ МАТЕРИАЛОВ САЙТА!