Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство
Верьте лишь в Бога, если вы на самом деле верующие. Аль-Газали
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Блог в ЖЖ
Карта сайта
Архив новостей
Обратная связь
Форум
Гостевая книга
Добавить в избранное
Настройки
Инструкции
Главная
Западная Литература
Х.К. Андерсен
Карты путешествий
Ресурсы в Интернете
Р.М. Рильке
У. Уитмен
И.В. Гете
М. Сервантес
Восточная Литература
Фарид ад-дин Аттар
Живопись
Фра Анжелико
Книги о живописи
Философия
Эпиктет
Духовное развитие
П.Д. Успенский
Дзен. 10 Быков
Сервисы сайта
Мудрые Мысли
От автора
Авторские притчи
Помощь сайту
 

 

Текущая фаза Луны

Текущая фаза Луны

19 апреля 2024

 

Главная  →  Х.К. Андерсен  →  Сказки  →  Переводы сказок  →  Все сказки на белорусском языке  →  Оле-Лукойе

Случайный отрывок из текста: Райнер Мария Рильке. Письма к молодому поэту
... Когда-нибудь (уже теперь особенно в северных странах, об этом говорят надежные свидетельства), когда-нибудь на свет родится женщина и девушка, чья женственность будет означать не только противоположность мужественности, но нечто такое, что уже не нуждается ни в каких границах, ни в какой заботе, но вырастает только из жизни и бытия: женщина — человек. ...  Полный текст


Выберите из раздела сказок Андерсена:

Перечень сказок:
по году издания
по алфавиту
по популярности
по оценкам читателей
случайная сказка

Переводы сказок:
на белорусском
на украинском
на монгольском
на английском
на французском
на испанском

Иллюстрации к сказкам:
В. Педерсен
Л, Фрюлих
Э. Дюлак
современные художники

Примечания к сказкам:
Примечания

Выберите из раздела Андерсена:

Повести и романы, стихи, автобиографии, путевые заметки, письма, портреты, фотографии, вырезки, рисунки, литература об Андерсене, раздел Андерсена на форуме.
   

Эту сказку можно посмотреть на 2-х языках одновременно
Выберите языки:
и  

 
Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 1, средняя: 5.0 (от 1 до 5)
   

Оле-Лукойе

 

Ніхто на свеце не ведае гэтулькі казак, колькі ведае Оле-Лукойе. Вось жа майстар апавядаць!

Вечарам, калі дзеці спакойна сядзяць за сталом або на сваіх лаўках, з'яўляецца Оле-Лукойе. У адных панчохах ён ціха-ціха падымаецца па лесвіцы; потым асцярожна прыадчыняе дзверы, нячутна заходзіць у пакой і лёгка пырскае дзецям у вочы салодкім малаком. У руках яго маленькая спрынцоўка, і малако пырскае з яе тоненькім-тоненькім струменьчыкам. Тады павекі ў дзяцей пачынаюць сплюшчвацца, і яны ўжо не могуць разгледзець Оле, і ён падкрадваецца да іх ззаду і пачынае лёгенька дзьмуць ім у патыліцы. Падзьме — і галовы іх адразу ж цяжэюць. Гэта зусім не балюча, — у Оле-Лукойе няма ж злоснага намеру; ён хоча толькі, каб дзеці суцішыліся, а для гэтага іх абавязкова трэба пакласці ў ложак. Ну вось ён і пакладзе іх, а потым пачынае ўжо апавядаць казкі. Калі дзеці паснуць, Оле-Лукойе прысаджваецца да іх на ложак. Апрануты ён цудоўна: на ім шаўковы кафтан, толькі нельга сказаць, якога колеру — ён адлівае то блакітным, то зялёным, то чырвоным, гледзячы, у які бок павернецца Оле. Пад пахамі ў яго па парасону: адзін з малюнкамі, які ён раскрывае над добрымі дзецьмі, і тады ім усю ноч сняцца цудоўныя казкі, а другі зусім просты, гладкі, які ён разгортвае над нядобрымі дзецьмі; ну яны і спяць усю ноч як цурбаны, і ўранку выяўляецца, што яны зусім нічога не бачыліўсне.

Паслухаем жа пра тое, як Оле-Лукойе наведваў кожны вечар аднаго маленькага хлопчыка, Яльмара, і апавядаў яму казкі! Гэта будзе цэлых сем казак, — у тыдні ж сем дзён.

 

Панядзелак

— Ну вось, — сказаў Оле-Лукойе, паклаўшы Яльмара ў ложак, — цяпер упрыгожым пакой!

І ў адзін момант усе пакаёвыя кветкі выраслі, сталі вялікімі дрэвамі, якія працягнулі свае доўгія галіны ўздоўж сцен да самай столі; увесь пакой ператварыўся ў цудоўную альтанку. Галіны дрэў былі абсыпаны кветкамі; кожная кветачка па прыгажосці і паху была лепш за ружу, а на смак (калі б вы толькі захацелі яе пакаштаваць) саладзей, чым сочыва; плады ж блішчэлі, як залатыя. Яшчэ на дрэвах былі пампушкі, якія ледзь не трэскаліся ад разынкавай начынкі. Проста дзіва нейкае! Раптам пачуліся страшныя енкі ў шуфлядзе стала, дзе ляжалі вучэбныя дапаможнікі Яльмара.

— Што там такое? — сказаў Оле-Лукойе, пайшоў і выцягнуў шуфляду.

Выявілася, што гэта нервавалася аспідная дошка: у рашэнні напісанай на ёй задачы была памылка, і таму задача не рашалася; грыфель скакаў і скакаў на адной вяровачцы, нібы сабачка; ён вельмі хацеў памагчы, але не мог. Гучна стагнаў і сшытак Яльмара; проста жах ахопліваў, слухаючы яго! На кожнай старонцы ў пачатку кожнага радка стаялі цудоўныя вялікія і маленькія літары — гэта быў пропіс; а побач ішлі другія, якія думалі, што трымаюцца так жа цвёрда. Іх пісаў сам Яльмар, і яны, здавалася, спатыкаліся аб лінейкі, на якіх трэба было б стаяць.

— Вось як трэба трымацца! — гаварыў пропіс. — Вось так, з лёгкім нахілам управа!

— Ах, нам і хацелася, — адказвалі літары Яльмара, — але ж мы не можам! Мы такія дрэнненькія!

— Дык вас трэба трохі падцягнуць! — сказаў Оле-Лукойе.

— Ды не, не! — закрычалі яны і выпрасталіся так, што люба было глядзець.

— Ну, цяпер нам не да казак! — сказаў Оле-Лукойе. — Будзем практыкавацца! Раз-два! Раз-два!

І ён давёў літары Яльмара да таго, што яны стаялі роўна і бадзёра, як любы пропіс. Але калі Оле-Лукойе пайшоў і Яльмар прачнуўся раніцай, яны выглядалі так жа нікчэмна, як і раней.

 

Аўторак

Як толькі Яльмар лёг, Оле-Лукойе дакрануўся сваёй чароўнай спрынцоўкай да мэблі, і ўсе рэчы тут жа пачалі размаўляць паміж сабою; усе, акрамя плявальніцы; гэта маўчала і злавала на іх за мітусню: гавораць толькі пра сябе і нават не падумаюць пра тую, што так сціпла стаць у кутку і дазваляе пляваць на сябе!

Над камодай вісела вялікая карціна ў пазалочанай раме; на ёй была адлюстравана прыгожая мясцовасць: высокія старыя дрэвы, трава, кветкі і шырокая рака, што бегла каля дзіўных палацаў, за лес, у далёкае мора.

Оле-Лукойе дакрануўся чароўнай спрынцоўкай да карціны, і намаляваныя на ёй птушкі заспявалі, галіны дрэў заварушыліся, а хмары панесліся па небе; нават было відаць, як слізгаў па карціне іх цень.

Затым Оле прыпадняў Яльмара да рамы, і хлопчык стаў нагамі прама ў высокую траву. Сонейка свяціла на яго скрозь галіны дрэў, ён пабег да вады і ўсеўся ў лодку, якая калыхалася ля берага. Лодка была пафарбавана ў чырвоны і белы колеры, ветразі блішчэлі, як срэбныя, і шэсць лебедзяў у залатых каронах з бліскучымі блакітнымі зоркамі на галовах павялі лодку ўздоўж зялёных лясоў, дзе дрэвы расказвалі пра разбойнікаў і ведзьмаў, а кветкі — пра цудоўных маленькіх эльфаў і пра тое, што расказвалі ім матылькі.

Дзівосныя рыбкі з серабрыстай і залацістаю луской плылі за лодкай. Ныралі і плёскалі ў вадзе хвастамі; прыгожыя, блакітныя, вялікія і маленькія птушкі ляцелі за Яльмарам дзвюма доўгімі чародамі; камары танцавалі, а майскія жукі гудзелі «Бум! Бум!»; усім хацелася праводзіць Яльмара, і ў кожнага была для яго напагатове казка.

Так, вось гэта было плаванне!

Лясы то гусцелі і цямнелі, то рабіліся падобнымі на дзівосныя сады, асветленыя сонцам і засеяныя кветкамі. Па берагах ракі ўздымаліся вялікія хрустальныя і мармуровыя палацы; на балконах іх стаялі прынцэсы, і ўсё гэта былі знаёмыя Яльмару дзяўчаты, з якімі ён часта гуляў.

Яны працягвалі яму рукі, і кожная трымала ў правай руцэ зацукраванае пернікавае парася, якое не часта пашанцуе купіць у гандляркі. Яльмар, праплываючы міма, хапаўся за адзін канец перніка, прынцэса моцна трымалася за другі, і пернік разломваўся напалам; кожны атрымліваў сваю долю: Яльмар больш, прынцэса менш. Каля ўсіх палацаў неслі варту маленькія прынцы; яны аддавалі Яльмару чэсць залатымі шаблямі і абсыпалі яго разынкамі і алавянымі салдацікамі, — вось што значыць калі сапраўдныя прынцы!

Яльмар плыў праз лес, праз нейкія вялікія залы і гарады... Праплыў ён і праз той горад, дзе жыла яго старая нянька, якая песціла яго, калі ён быў яшчэ малым, і вельмі любіла свайго гадаванца, і вось ён убачыў яе; яна кланялася, пасылала яму рукою паветраныя пацалункі і спявала харошанькую песеньку, якую сама склала і прыслала Яльмару:

 

Мой Яльмар, цябе ўспамінаю,

Калі пад цяністы прыходжу вяз.

Выказаць не магу, як жадаю

Убачыць цябе яшчэ хоць бы раз!

 

Цябе ў калысцы я калыхала,

Вучыла хадзіць, гаварыць.

І ў шчочкі і ў лоб цалавала, —

Дык як жа мне цябе не любіць!

 

Люблю цябе, мілы і радасны мой,

Хай будзе навекі і Бог наш з табой!

І птушкі падпявалі ёй, кветкі танцавалі, а старыя вербы варушыліся, як быццам Оле-Лукойе і ім апавядаў казку.

 

Серада

Ну і дождж ліў! Яльмар чуў гэты страшны шум нават у сне; калі ж Оле-Лукойе адчыніў акно, аказалася, што вада стаяла на ўзроўні падаконніка. Цэлае возера! Затое да дома прычаліў цудоўнейшы карабель.

— Хочаш праехаць, Яльмар? — спытаў Оле. — Пабываеш ноччу на чужой зямлі, а раніцай — зноў будзеш дома?

І вось Яльмар, па-святочнаму прыбраны, апынуўся на караблі. Надвор'е тут жа праяснілася, і яны паплылі па вуліцах, каля царквы — вакол было адно суцэльнае возера. Нарэшце яны адплылі так далёка, што зямля зусім знікла з вачэй. Высока ў паднеб'і ляцелі буслы; яны сабраліся ў далёкія цёплыя краіны і ляцелі доўгай чарадой, адзін за адным. Яны былі ўжо некалькі дзён у дарозе, і адзін з іх так стаміўся, што крылы амаль не слухаліся яго. Ён ляцеў ззаду, а потым адстаў і пачаў апускацца на сваіх аслабелых крылах усё ніжэй і ніжэй, вось калыхнуў імі яшчэ разы два, але... дарэмна! Хутка ён зачапіўся за мачту карабля, слізгануў і — бах! — зваліўся прама на палубу.

Юнга падхапіў яго і пасадзіў у птушнік да курэй, качак і індычак. Бедалага бусел стаяў і панура аглядаўся.

— Бач які! — сказалі куры.

А індыйскі певень надзьмуўся, як толькі мог, і спытаў у бусла, хто ён такі; качкі ж падаліся назад, падпіхваючы адна адну крыламі, кракалі: «Дур-рань! Дур-рань!»

І бусел расказаў ім пра гарачую Афрыку, пра піраміды і страусаў, якія носяцца па пустыні з хуткасцю дзікіх коней, але качкі нічога не зразумелі і зноў пачалі падпіхваць адна адну:

— Ну ці не дурань ён?

— Канечне, дурань! — сказаў індыйскі певень і сярдзіта забубніў. Бусел змоўк і пачаў думаць пра сваю Афрыку.

— Якія ў вас цудоўныя тонкія ногі! — сказаў індыйскі певень — Пачым аршын?

— Крак! Крак! Крак! — закрычалі смешныя качкі, але бусел як бы і не чуў.

— Маглі б і вы пасмяяцца з намі! — сказаў буслу індыйскі певень. — Вельмі цікава! Ды куды гэта, думаю, вельмі нізка для яго! Увогуле, нельга сказаць, каб ён вылучаўся кемлівасцю! Што ж, будзем самі весяліцца!

І курыцы квакталі, качкі кракалі, і гэта страшна забаўляла.

Але Яльмар падышоў да птушніка, адчыніў дзверцы, павабіў бусла, і той выскачыў да яго на палубу, — ён паспеў ужо адпачыць. І вось бусел як быццам пакланіўся Яльмару ў знак удзячнасці, узмахнуў шырокімі крыламі і паляцеў на поўдзень. А куры закудахталі, качкі закракалі, індыйскі ж певень так надзьмуўся, што грабеньчык у яго наліўся крывёй.

— Заўтра звараць з вас булён! — сказаў Яльмар і прачнуўся зноў у сваім маленькім ложку.

Слаўна пападарожнічалі ноччу яны з Лукойе.

 

Чацвер

— Ведаеш што? — сказаў Оле-Лукойе. — Толькі не палохайся! Я зараз пакажу табе мышку! — І праўда, ён трымаў у руцэ цудоўную мышку. Яна прыбегла запрасіць яго на вяселле! — Дзве мышкі збіраюцца сёння ноччу пажаніцца. Жывуць яны пад падлогай у кладоўцы тваёй маці. Выдатнае памяшканне, кажуць.

— А як жа я праціснуся скрозь маленькую дзірачку ў падлозе? — спытаў Яльмар.

— Ах, павер мне! — сказаў Оле-Лукойе. — Ты ў мяне станеш маленькім.

І ён дакрануўся да хлопчыка сваёй чароўнай спрынцоўкай. Яльмар раптам пачаў памяншацца, памяншацца і нарэшце стаў як пальчык.

— Цяпер можна будзе пазычыць мундзір у алавянага салдаціка. Я думаю, гэты ўбор падойдзе: мундзір жа так упрыгожвае, ты ж ідзеш у госці!

— Ну добра! — згадзіўся Яльмар, пераапрануўся і стаў падобным на ўзорнага алавянага салдаціка.

— Ці не жадаеце сесці ў напарстак вашай матулі? — сказала Яльмару мышка. — Я буду мець гонар адвезці вас.

— Ах, няўжо вы самі будзеце турбавацца, фрокен! — сказаў Яльмар, і вось яны паехалі на мышынае вяселле.

Праслізнуўшы ў дзірачку, прагрызеную мышамі ў падлозе, яны трапілі спачатку ў доўгі вузкі калідор, тут якраз толькі і можна было праехаць у напарстку. Калідор быў ярка асветлены гнілушкамі.

— Дык жа цудоўны пах? — спытала мышка-вазніца. — Увесь калідор змазаны салам! Што бывае лепшым?

Нарэшце дабраліся і да самой залы, дзе адбывалася вяселле. Дарэмна, перашэптваючыся і перасмейваючыся паміж сабой, стаялі ўсе мышкі-дамы, а налева, закручваючы лапкамі вусы, — мышкі-кавалеры, а пасярэдзіне, на выедзеным кавалачку сыру, узвышаліся самі жаніх і нявеста і страшна цалаваліся ва ўсіх на вачах. Што ж, яны былі заручаны і рыхтаваліся пажаніцца.

А госці ўсё прыбывалі і прыбывалі; мышы ледзь не душылі адна адну, і вось шчаслівую парачку адціснулі да самых дзвярэй, так што нікому больш нельга было ні ўвайсці, ні выйсці. Зала, як і калідор, уся была змазана салам; другіх пачастункаў не было; а на дэсерт гасцей абносілі гарошынай, на якой адна сваячка маладых выгрызла іх імёны, а больш правільна — усяго першыя літары. Дзіва, ды і толькі!

Усе мышы аб'явілі, што вяселле было цудоўнае і памяць застанецца аб ім надзвычай прыемная.

Яльмар паехаў дамоў. Давялося яму пабываць у славутай кампаніі, хаця і патрэбна было яму добра памуляцца і апрануць мундзір алавянага салдаціка.

 

Пятніца

— Проста не верыцца, што так многа ёсць пажылых людзей, якім хочацца паклікаць мяне да сябе! — сказаў Оле-Лукойе. — Асабліва жадаюць гэтага тыя, хто зрабіў што-небудзь дрэннае. «Добранькі, міленькі Оле, — кажуць яны мне, — мы проста не можам заплюшчыць вачэй, не спім начамі і бачым вакол сябе ўсё тое дрэннае, што мы зрабілі. Яны, нібы гадкія маленькія тролі, сядзяць на краях ложка і пырскаюць на вас кіпенем, хай бы ты прыйшоў і прагнаў іх. Мы б з задавальненнем заплацілі табе. Оле! — дадаюць яны з глыбокім уздыхам. — Спакойнай табе ночы, Оле! Грошы на акне!» Ды што мне грошы! Я ні ў каго не прашу іх!

— Што будзем рабіць сёння ноччу? — спытаў Яльмар.

— Ці не хочаш зноў пабыць на вяселлі? Толькі не на такім, як учора. Вялікая лялька тваёй сястры, тая, што адзета пад хлопчыка і завецца Германам, хоча ажаніцца з лялькай Бертай; акрамя таго, сёння дзень нараджэння лялькі, і таму рыхтуецца шмат падарункаў!

— Ведаю, ведаю! — сказаў Яльмар. — Як толькі спатрэбіцца лялькам новы ўбор, сястра тут жа святкуе іх дзень нараджэння або спраўляе ім вяселле. Гэта ўжо было сто разоў!

— Так, а сёння ноччу будзе сто першы і, значыць, апошні! Таму і рыхтуецца нешта незвычайнае. Ну паглядзі!

Яльмар паглядзеў на стол. Там стаяў дамок з кардону, вокны свяціліся, і ўсе алавяныя салдацікі трымалі стрэльбы. Жаніх і нявеста задуменна сядзелі на падлозе, прытуліўшыся да ножкі стала; так, ім было над чым задумацца! Оле-Лукойе, апрануўшы бабуліну спадніцу, заручыў іх, і вось уся мэбля заспявала на матыў марша цікавую песеньку, якую напісаў аловак:

 

Зацягнем песеньку з табой,

Як вецер хай нясецца!

Хоць наша парачка, ёй-ёй,

Нічым не адгукнецца.

 

Абодва з лайкі, але ў іх

Прыгожае адзенне —

Такое яркае, што ўсім

Яно на заглядзенне.

 

Давай уславім песняй іх!

Ура! — нявеста і жаніх!

Затым маладыя атрымалі падарункі, але адмовіліся ад ежы: яны былі сытыя каханнем.

— Ну, паедзем зараз на дачу ці адправімся за мяжу? — спытаў малады.

Каб пачуць добрую параду, запрасілі вопытную падарожніцу ластаўку і старую курыцу, якая ўжо не адзін раз была квактухай. Ластаўка расказала пра цёплы край, дзе спеюць сакавітыя, цяжкія вінаградныя гронкі, дзе паветра такое мяккае, а горы расквечаны такімі фарбамі, пра якія тут нават не ўяўляюць...

— Там няма затое нашай кучаравай капусты! — сказала курыца. — Аднойчы я з усімі сваімі куранятамі адпачывала летам у вёсцы; там была цэлая куча пяску, у якім мы маглі корпацца і капацца колькі хацелі! Акрамя таго, нам быў адчынены ўваход у агарод з капустай! Ах, якая яна была зялёная! Не ведаю нічога, больш прыгожага!

— Але ж адзін качан падобны на другі як дзве кроплі вады! — сказала ластаўка. — Да таго ж тут так часта здараецца дрэннае надвор'е.

— Ну, да гэтага можна прывыкнуць! — сказала курыца.

— А які тут холад! Ненарокам і замерзнеш! Вельмі холадна!

— Але вельмі добра для капусты! — сказала курыца. — Ды, нарэшце, і ў нас бывае цёпла! Чатыры ж гады таму назад лета стаяла ў нас пяць тыдняў! І якая ж гарачыня была! Усе задыхаліся! Дарэчы, у нас няма тых атрутных стварэнняў, як у вас там! Няма і разбойнікаў! Трэба быць адшчапенцам, каб не бачыць нашу краіну самай лепшай у свеце! Такі не павінен і жыць у ёй! — Тут курыца заплакала. — Я ж таксама падарожнічала, як жа! Цэлых дванаццаць міль праехала ў бочачцы! І ніякага задавальнення няма ад падарожжа!

— Так, курыца — асоба, вартая ўвагі! — сказала лялька Берта. — Мне таксама зусім не падабаецца ездзіць па гарадах — то ўверх, то ўніз! Не, мы пераедзем на дачу ў вёску, дзе ёсць пясочная куча, і будзем гуляць у агародзе з капустай.

На тым і сышліся.

 

Субота

— А сёння будзеш апавядаць? — спытаў Яльмар, як толькі Оле-Лукойе паклаў яго спаць.

— Сёння некалі, — адказаў Оле і раскрыў над хлопчыкам свой прыгожы парасон. — Ты вось паглядзі на гэтых кітайцаў!

Парасон быў падобны на вялікую кітайскую чашу, размаляваную блакітнымі дрэвамі і вузенькімі мосцікамі, на якіх стаялі маленькія кітайцы і ківалі галовамі.

— Сёння трэба будзе прыбраць да заўтрашняга дня ўвесь свет! — працягваў Оле. — Заўтра ж свята, нядзеля! Мне трэба пайсці на званіцу — паглядзець, ці здзьмуў вецер пыл з травы і лісця. Самая ж цяжкая работа яшчэ наперадзе: трэба зняць з неба і пералічыць усе зорачкі. Я збіраю іх у свой фартух, але ж даводзіцца нумераваць кожную зорачку і кожную дзірачку, дзе яна сядзела, каб потым размяшчаць іх на месцах, інакш яны дрэнна будуць трымацца і пасыплюцца з неба адна за адной!

— Паслухайце ж вы, пан Оле-Лукойе! — сказаў раптам партрэт, які вісеў на сцяне. — Я прадзядуля Яльмара і вельмі вам удзячны за тое, што вы расказваеце хлопчыку казкі; але вы не павінны скажаць яго паняццяў. Зоркі нельга здымаць з неба і чысціць. Зоркі — такія ж свяцілы, як наша зямля, тым яны і прыгожыя!

— Дзякуй табе, прадзядуля! — адказваў Оле-Лукойе. — Дзякуй! Ты — галава прозвішча, роданачальнік, але я ўсё-такі старэйшы за цябе! Я стары язычнік; рымляне і грэкі называлі мяне богам сноў! Я меў і маю ўваход у славуцейшыя дамы, і ведаю, як абыходзіцца і з большымі, і з меншымі! Можаш цяпер расказваць сам!

І Оле-Лукойе пайшоў, узяўшы пад пахі свой парасон.

— Ну, няўжо і нельга выказаць сваю думку! — сказаў стары партрэт.

Тут Яльмар прачнуўся.

 

Нядзеля

— Добры вечар! — сказаў Оле-Лукойе.

Яльмар кіўнуў яму, ускочыў і павярнуў прадзядуляў партрэт тварам да сцяны, каб ён зноў не ўмешваўся ў размову.

— А цяпер ты раскажы мне казкі пра пяць зялёных гарошын, якія паявіліся ў адным стручку, пра пеўневу нагу, якая заляцалася да курынай нагі, і пра цыравальную іголку, якая ўяўляла сябе швейнай іголкай.

— Ну, добрага патрошку! — сказаў Оле-Лукойе. — Я лепш пакажу табе тое-сёе. Пакажу табе свайго брата, яго таксама завуць Оле-Лукойе, але ні да каго ён не з'яўляецца больш чым адзін раз у жыцці. Калі ж з'явіцца, бярэ чалавека, садзіць да сябе на каня і расказвае яму казкі. Ён ведае толькі дзве: адна з іх такая цудоўная, што ніхто і ўявіць сабе не можа, а другая такая страшная, што... ды не, немагчыма нават і сказаць — якая!

Тут Оле-Лукойе прыўзняў Яльмара, паднёс яго да акна і сказаў:

— Зараз убачыш майго брата, другога Оле-Лукойе. Людзі яшчэ называюць яго Смерцю. Бачыш, ён зусім не такі страшны, якім яго малююць. Кафтан на ім вышываны серабром, як твой гусарскі мундзір; за спіной развяваецца чорны аксамітны плашч. Глядзі, як ён едзе!

І Яльмар убачыў, як імчаўся наўскач другі Оле-Лукойе і садзіў да сябе на каня і старых, і малых. Адных ён садзіў перад сабою, другіх — ззаду; але спачатку заўсёды пытаўся:

— Якія ў цябе адзнакі па паводзінах?

— Добрыя! — адказвалі ўсе.

— Ну, пакажы! — гаварыў ён.

Даводзілася паказваць; і вось тых, у каго былі выдатныя або добрыя адзнакі, ён садзіў перад сабою і расказваў ім дзіўную казку, а тых, у каго былі пасрэдныя або дрэнныя, — садзіў ззаду, і яны павінны былі слухаць страшную казку. Яны трэсліся ад страху, плакалі і хацелі саскочыць з каня, ды не маглі — яны адразу моцна прырасталі да сядла.

— Але ж Смерць — цудоўнейшы Оле-Лукойе! — сказаў Яльмар. — І я ніколькі не баюся яго!

— Ды і нечага баяцца! — сказаў Оле. — Глядзі толькі, каб у цябе заўсёды былі добрыя адзнакі!

— Вось гэта павучальна! — прамармытаў партрэт. — Усё-такі, значыць, не шкодзіць часам выказаць сваю думку!

Ён быў задаволены.

Вось табе і ўся гісторыя пра Оле-Лукойе! А вечарам няхай ён сам раскажа табе яшчэ што-небудзь.

Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 1, средняя: 5.0 (от 1 до 5)

 

Наверх
<<< Предыдущая страница Следующая страница >>>
На главную

 

   

Старая версия сайта

Книги Родни Коллина на продажу

Нашли ошибку?
Выделите мышкой и
нажмите Ctrl-Enter!

© Василий Петрович Sеменов 2001-2012  
Сайт оптимизирован для просмотра с разрешением 1024х768

НЕ РАЗРЕШАЕТСЯ КОММЕРЧЕСКОЕ ИСПОЛЬЗОВАНИЕ МАТЕРИАЛОВ САЙТА!