Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство
Господь, одари нас и желанием, и знанием самого прямого пути. Зороастр
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Блог в ЖЖ
Карта сайта
Архив новостей
Обратная связь
Форум
Гостевая книга
Добавить в избранное
Настройки
Инструкции
Главная
Западная Литература
Х.К. Андерсен
Карты путешествий
Ресурсы в Интернете
Р.М. Рильке
У. Уитмен
И.В. Гете
М. Сервантес
Восточная Литература
Фарид ад-дин Аттар
Живопись
Фра Анжелико
Книги о живописи
Философия
Эпиктет
Духовное развитие
П.Д. Успенский
Дзен. 10 Быков
Сервисы сайта
Мудрые Мысли
От автора
Авторские притчи
Помощь сайту
 

 

Текущая фаза Луны

Текущая фаза Луны

20 апреля 2024

 

Главная  →  Х.К. Андерсен  →  Сказки  →  Переводы сказок  →  Все сказки на белорусском языке  →  Дзікія лебедзі

Случайный отрывок из текста: Райнер Мария Рильке. Письма к молодому поэту
... Я хотел сегодня сказать Вам еще два слова: Об иронии. Не давайте ей завладеть Вами, в особенности в нетворческие минуты. В творческие же стремитесь использовать ее как еще одно средство понимания жизни. В чистых руках и она чиста, и не надо ее стыдиться, а если она слишком близка Вам и Вы опасаетесь этой чрезмерной близости, тогда обратитесь к великому и серьезному, перед которым она становится мелочной и бессильной. Ищите глубину предметов: туда никогда не проникнет ирония,— и если на этом пути Вы придете к самому рубежу великого, узнайте тогда, рождается ли ирония из Вашей глубокой внутренней потребности. Под влиянием серьезных предметов она или вовсе отпадет (если она случайна для Вас) или же (если это действительно врожденное Ваше свойство) она окрепнет и будет сильным инструментом и встанет рядом с иными средствами, которыми Вам надлежит создавать Ваше искусство. ...  Полный текст


Выберите из раздела сказок Андерсена:

Перечень сказок:
по году издания
по алфавиту
по популярности
по оценкам читателей
случайная сказка

Переводы сказок:
на белорусском
на украинском
на монгольском
на английском
на французском
на испанском

Иллюстрации к сказкам:
В. Педерсен
Л, Фрюлих
Э. Дюлак
современные художники

Примечания к сказкам:
Примечания

Выберите из раздела Андерсена:

Повести и романы, стихи, автобиографии, путевые заметки, письма, портреты, фотографии, вырезки, рисунки, литература об Андерсене, раздел Андерсена на форуме.
   

Эту сказку можно посмотреть на 2-х языках одновременно
Выберите языки:
и  

 
Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 5, средняя: 2.8 (от 1 до 5)
   

Дзікія лебедзі

 

Далёка-далёка, у той краіне, куды адлятаюць у вырай ластаўкі, жыў кароль. У яго было адзінаццаць сыноў і адна дачка, якую звалі Элізай. Адзінаццаць братоў-прынцаў ужо хадзілі ў школу; у кожнага на грудзях блішчэла зорка, а з левага боку звінела шабля. Прынцы пісалі алмазнымі грыфелямі на залатых дошках і выдатна ўмелі чытаць — і па кніжцы і без кніжкі, на памяць. Вядома, так добра чытаць маглі толькі сапраўдныя прынцы. Пакуль прынцы вучыліся, іх сястра Эліза сядзела на лавачцы з люстранога шкла і разглядвала кніжку з малюнкамі, якая каштавала паўкаралеўства.

Сапраўды, добра жылося дзецям! Але неўзабаве ўсё сталася інакш.

Памерла іх маці, і кароль ажаніўся зноў. Мачаха была злая ведзьма і неўзлюбіла гаротных дзяцей. У першы ж дзень, калі ў палацы святкавалі вяселле караля, дзеці адчулі, якая злая ў іх мачаха. Яны пачалі гульню ў «госці» і папрасілі каралеву даць ім пірожных і печаных яблыкаў, каб накарміць сваіх гасцей. Але мачаха дала ім кубак звычайнага пяску і сказала:

— Хопіць з вас і гэтага!

Мінуў яшчэ тыдзень, і мачаха задумала збавіцца ад Элізы. Яна адправіла яе ў вёску на выхаванне да нейкіх сялян. А потым злая мачаха пачала нагаворваць каралю на бедных прынцаў, і нагаварыла столькі лухты, што кароль не захацеў больш нават бачыць сваіх сыноў.

І вось каралева загадала паклікаць прынцаў і, калі яны наблізіліся да яе, яна крыкнула:

— Няхай кожны з вас ператворыцца ў чорнага крука! Ляціце прэч з палаца і самі здабывайце сабе харч!

Але ёй не ўдалося ажыццявіць сваю злую задуму. Прынцы ператварыліся не ў няўклюдных крукоў, а ў прыгожых дзікіх лебедзяў. З крыкам вылецелі яны з вокнаў палаца і панясліся над паркамі і лясамі.

Была раніца, калі адзінаццаць лебедзяў праляталі міма хаціны, дзе яшчэ спала моцным сном іх сястрычка Эліза. Яны доўга кружылі над дахам, выцягвалі свае гнуткія шыі і лопалі крыламі, але ніхто іх не чуў і не бачыў. Так і паляцелі яны далей, не пабачыўшы сваёй сястры. Высока-высока, да самых воблакаў, падняліся яны і паляцелі ў вялікі цёмны лес, які цягнуўся да самага мора.

А бедалажка Эліза засталася жыць у сялянскай хаціне. Кожны дзень гуляла яна з зялёным лістком — іншых цацак у яе не было; яна пракалола ў лісточку дзірачку і глядзела праз яе на сонца — ёй здавалася, што бачыць ясныя вочы сваіх братоў.

Дні шлі за днямі. Часам вецер гойдаў ружовыя кусты, якія распускаліся каля дома, і пытаў у ружаў:

— Ці ёсць хто-небудзь прыгажэйшы за вас?

І ружы хісталі галоўкамі, адказвалі:

— Эліза прыгажэйшая за нас.

І вось нарэшце Элізе споўнілася пятнаццаць гадоў, і сяляне адаслалі яе дамоў, у палац.

Каралева ўбачыла, якая прыгажуня яе падчарка, і яшчэ больш зазлавала на Элізу. Злая мачаха меркавала ператварыць Элізу, як і яе братоў, у дзікага лебедзя, але гэтага яна не магла зрабіць: кароль захацеў пабачыць сваю дачку.

І вось раніцай каралева пайшла ў мармуровую купальню, якую ўпрыгожвалі цудоўныя дываны і мяккія падушкі. У кутку купальні сядзелі тры жабы. Каралева ўзяла іх у рукі і пацалавала. Потым яна сказала першай жабе:

— Калі Эліза ўвойдзе ў купальню, сядзь ёй на галаву — няхай зробіцца яна такой жа дурной і лянівай, як ты.

Другой жабе каралева сказала:

— А ты скокні Элізе на лоб — няхай будзе яна такой жа страхалюднай, як ты. Тады і родны бацька яе не пазнае... Ну, а ты ляж ёй на сэрца! — загадала каралева трэцяй жабе. — Няхай стане яна злой, каб ніхто яе не любіў.

І каралева кінула жабаў у празрыстую ваду. Вада адразу зрабілася зялёнай і памутнела. Каралева паклікала Элізу, распранула яе і загадала ўвайсці ў ваду. Як толькі Эліза ступіла ў ваду, адна жаба ўскочыла ёй на скронь, другая на лоб, а трэцяя на грудзі. Але Эліза нават не заўважыла гэтага. А тры жабы, калі дакрануліся да Элізы, ператварыліся ў тры чырвоныя макі. І Эліза выйшла з вады такой жа прыгожай, якой і ўвайшла.

Тады злая каралева нацёрла Элізу сокам грэцкага арэха, і бедная Эліза зрабілася зусім чорная. А потым мачаха вымазала ёй твар смярдзючай маззю і раскудлаціла яе прыгожыя валасы. Цяпер ніхто не змог бы пазнаць Элізу. Толькі стары сабака, які сядзеў на ланцугу, з прыветным брэхам кінуўся да яе, ды ластавачкі, якіх яна часта карміла хлебнымі крыхамі, прашчабяталі ёй сваю песню. Ды хто ж будзе звяртаць увагу на гаротных жывёл?

Горка заплакала Эліза і ўпотай пайшла з палаца. Цэлы дзень ішла яна па палях і балотах, прабіралася да лесу. Эліза і сама добра не ведала, куды ёй ісці. Яна ўсё думала пра братоў, якіх злая мачаха таксама выгнала з дому. Эліза вырашыла шукаць іх усюды, пакуль не знойдзе.

Калі Эліза дабралася да лесу, была ўжо ноч, і бедная дзяўчынка зусім збілася з дарогі. Яна лягла на мяккі мох, а галаву паклала на пень. У лесе было ціха і цёпла. Сотні светлячкоў, быццам зялёныя агеньчыкі, мільгалі ў траве, а калі Эліза дакранулася рукой да кусціка, нейкія бліскучыя жучкі пасыпаліся з лісця зорным дажджом.

Усю ноч сніліся Элізе браты: усе яны зноў былі дзеці, разам гулялі, пісалі алмазнымі грыфелямі на залатых дошках і разглядвалі чароўную кніжку з малюнкамі, за якую было аддадзена паўкаралеўства. Малюнкі ў кніжцы былі жывыя: птушкі спявалі і людзі выскоквалі са старонак кнігі і размаўлялі з Элізай і яе братамі; але як толькі Эліза перагортвала старонку, людзі хаваліся зноў — інакш у малюнках была б вялікая блытаніна.

Калі Эліза прачнулася, сонца было ўжо высока; яна нават не магла добра разгледзець яго за густой лістотай дрэў. Толькі рэдкія сонечныя промні прабіваліся паміж галінамі і бегалі залатымі зайчыкамі па траве. Непадалёк чулася бульканне ручая. Эліза падышла да ручая і нахілілася над ім. Вада ў ручаі была чыстая і празрыстая. Калі б не вецер, што пагойдваў галінкі дрэў і кустоў, можна было б падумаць, што і дрэвы і кусты намаляваны на дне ручая — так выразна адбіваліся яны ў спакойнай вадзе.

Эліза ўбачыла ў вадзе свой твар і вельмі спалохалася — такі быў ён чорны і страшны. Але вось яна зачарпнула рукою вады, пацёрла вочы, лоб, і твар у яе зноў зрабіўся белы, як і раней. Тады Эліза распранулася і ўвайшла ў прахалодны чысты ручай. Вада адразу ж змыла з яе сок грэцкага арэха і смярдзючую мазь, якой нацёрла Элізу мачаха.

Потым Эліза апранулася, запляла ў косы свае доўгія валасы і пайшла па лесе далей, сама не ведаючы куды. На шляху яна ўбачыла дзікую яблыню, галіны якой гнуліся да зямлі пад цяжарам пладоў. Эліза паела яблыкаў, падпёрла галіны кійкамі і пайшла далей. Хутка яна зайшла ў самы гушчар лесу. Ніводная птушка не залятала сюды, ні адзін сонечны промень не прабіваўся праз густое галлё. Высокія ствалы стаялі шчыльнымі радамі, нібы драўляныя сцены. Вакол было так ціха, што Эліза чула свае ўласныя крокі, чула шумок кожнага сухога лісточка, які трапляў ёй пад ногі. Ніколі яшчэ Эліза не бывала ў такой глухамані.

Уночы зрабілася зусім цёмна, нават светлячкі не свяцілі ў імхах. Эліза ўляглася на траву і заснула.

Раніцай яна накіравалася далей і раптам сустрэла бабулю з кошыкам ягад. Бабуля дала дзяўчыне жменю ягад, а Эліза спытала ў яе, ці не праязджалі тут, па лесе, адзінаццаць прынцаў.

— Не, — сказала бабуля, — прынцаў я не бачыла, але ўчора я бачыла тут на рацэ адзінаццаць лебедзяў у залатых каронах.

І бабуля вывела Элізу да стромы, пад якой працякала рака. Эліза развіталася з бабуляй і пайшла па беразе ракі.

Доўга ішла Эліза, і раптам перад ёю адкрылася бяскрайняе мора. Ні аднаго ветразя не было бачна на моры, ніводнага чоўна не было побліз.

Эліза села на камень ля самага берага і задумалася: што ж ёй рабіць, куды ісці далей?

Да ног Элізы падбягалі марскія хвалі, яны неслі з сабою дробныя каменьчыкі. Вада сцёрла вострыя краі каменьчыкаў, і яны былі зусім гладкія і круглыя.

І дзяўчына падумала: «Колькі працы патрэбна, каб цвёрды камень зрабіць гладкім і круглым! А вось вада робіць гэта. Мора нястомна і цярпліва коціць свае хвалі і перамагае самыя цвёрдыя камяні. Дзякуй вам за гэта, што вы навучылі мяне, светлыя хуткія хвалі! Я буду, як і вы, нястомна працаваць. Сэрца гаворыць мне, што калі-небудзь вы аднясеце мяне да маіх любых братоў!»

На беразе, сярод сухіх водарасцяў, Эліза знайшла адзінаццаць белых лебядзіных пёрак. На пёрках яшчэ блішчэлі кроплі — расы ці слёзаў, хто ведае? Вакол было пуста, але Эліза не адчувала сябе адзінокай. Яна глядзела на мора і не магла наглядзецца.

Вось насоўваецца на мора вялікая чорная хмара, вецер мацнее, і мора таксама чарнее, хвалюецца і бурліць. Але хмара прайшла, па небе плывуць ружовыя воблакі, вецер сціхае, і мора ўжо спакойнае, цяпер яно падобнае на пялёстак ружы. То зялёнае робіцца яно, то белае. Але як бы ціха ні было ў паветры і якое б спакойнае ні было мора, ля берага заўжды шуміць прыбой, заўжды прыкметна лёгкае хваляванне — вада ціха ўздымаецца, нібы грудзі соннага дзіцяці.

Калі сонца пачало заходзіць, Эліза ўбачыла дзікіх лебедзяў. Як доўгая белая стужка, яны ляцелі адзін за адным. Іх было адзінаццаць. На галаве ў кожнага лебедзя ззяла невялічкая залатая карона. Эліза адышла ад стромы і схавалася ў кусты. Лебедзі апусціліся непадалёк ад яе і залопалі сваімі вялікімі белымі крыламі.

У гэтую самую хвіліну сонца схавалася пад вадой — і раптам з лебедзяў упала іх белае пер'е, і ўжо не адзінаццаць белых лебедзяў стаялі перад Элізай, а адзінаццаць прыгожых прынцаў. Эліза гучна крыкнула — яна адразу пазнала сваіх братоў, хаця за доўгі час яны вельмі змяніліся. Эліза кінулася да іх у абдымкі і пачала называць іх імёны.

Браты вельмі абрадаваліся таму, што знайшлі сястру, якая так вырасла і зрабілася такой прыгажуняй. Эліза і яе браты смяяліся і плакалі, а потым яны расказалі адзін аднаму пра ўсё, што з імі здарылася.

Самы старэйшы з прынцаў сказаў Элізе:

— Мы лётаем дзікімі лебядзямі ўвесь дзень, ад усходу сонца да самага захаду. Калі ж сонца заходзіць, мы зноў ператвараемся ў людзей. І вось да захаду сонца мы спяшаем апусціцца на зямлю. Калі б мы ператвараліся ў людзей у той час, калі ляцім высока пад воблакамі, мы ў той жа час упалі б на зямлю і разбіліся. Жывём мы не тут. Далёка-далёка за морам ёсць такая ж цудоўная краіна, як гэта. Вось там мы і жывём. Але дарога туды доўгая, трэба пераляцець праз усё мора, а на шляху няма ніводнай выспы, дзе б мы маглі правесці ноч. Толькі на самай сярэдзіне мора ўзвышаецца адзінокая скала. Яна такая малая, што мы можам стаяць на ёй толькі цесна прыціскаючыся адзін да другога. Калі мора бушуе, прыскі хваляў пералятаюць нашы галовы. Але ўсё ж, каб не было гэтай скалы, нам ніколі не давялося б пабываць на нашай роднай зямлі: мора шырокае — мы не можам пераляцець яго ад усходу сонца да захаду. Толькі два разы ў год, у самыя доўгія дні, нашы крылы маюць сілу перанесці нас праз мора. Вось мы прылятаем сюды і жывём адзінаццаць дзён. Мы лятаем над гэтым вялікім лесам і глядзім на палац, дзе мы нарадзіліся і правялі дзяцінства. Ён добра бачны адсюль. Тут кожны куст і кожнае дрэва здаюцца нам роднымі. Па зялёных лугах бегаюць дзікія коні, якіх мы бачылі яшчэ ў дзяцінстве, а вугальшчыкі пяюць тыя самыя песні, якія мы чулі, калі жылі яшчэ ў родным палацы. Тут наша радзіма, сюды цягне нас усім сэрцам, і тут мы знайшлі цябе, любая, дарагая сястрычка! У гэты раз мы прабылі тут ужо дзевяць дзён. Праз два дні мы павінны ляцець за мора, у цудоўную, але чужую краіну. Як жа нам забраць з сабою цябе? Няма ў нас ні карабля, ні чоўна.

— О, каб змагла я вызваліць вас ад чараў! — сказала братам Эліза.

Так яны прагаравалі ўсю ноч і задрамалі толькі на золку. Эліза прачнулася ад шуму лебядзіных крылаў. Браты ператварыліся ў птушак і паляцелі ў родны лес. Толькі адзін лебедзь застаўся на беразе з Элізай. Гэта быў самы малады з яе братоў. Лебедзь паклаў сваю галаву ёй на калені, а яна гладзіла і перабірала яго пёркі. Цэлы дзень правялі яны ўдваіх, а вечарам прыляцелі дзесяць лебедзяў, і калі сонца села, яны зноў ператварыліся ў прынцаў.

— Заўтра мы павінны адлятаць і не можам вярнуцца раней наступнага года, — сказаў Элізе старэйшы брат, — але мы не пакінем цябе тут. Паляцім з намі! Я адзін магу на руках пранесці цябе праз увесь лес, дык няўжо ж мы, усе адзінаццаць, на нашых крылах не зможам перанесці цябе цераз мора?

— Так, вазьміце мяне з сабой! — сказала Эліза.

Усю ноч плялі яны сетку з гнуткай лазовай кары і чароту. Сетка атрымалася вялікая і трывалая, і браты паклалі ў яе Элізу. А на світанні дзесяць лебедзяў падхапілі сетку дзюбамі і ўзняліся пад воблакі. Эліза спала ў сетцы салодкім сном. А каб промні сонца не разбудзілі яе, адзінаццаты лебедзь ляцеў над яе галавой, засланяў твар Элізы ад сонца сваімі шырокімі крыламі.

Лебедзі былі ўжо далёка ад зямлі, калі Эліза прачнулася, і ёй здалося, што яна бачыць сон наяве, — так цікава было ляцець ў паветры. Каля яе ляжала гронка спелых ягад і пучок смачнага карэння — іх сабраў і паклаў каля Элізы самы малодшы брат, і Эліза ўсміхнулася яму — яна здагадалася, што гэта ён ляцеў над ёй і засланяў яе ад сонца сваімі крыламі.

Высока, пад самымі воблакамі, ляцелі браты і сястра, і першы карабель, які яны ўбачылі ў моры, здаваўся ім чайкай на вадзе.

Лебедзі ляцелі так імкліва, як ляцяць стрэлы, выпушчаныя з лука, але ўсё ж не так хутка, як заўжды: на гэты раз яны неслі сястру. Дзень пачаў хіліцца да вечара, і зашумела непагадзь. Эліза са страхам глядзела, як сонца апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, а адзінокай марской скалы ўсё яшчэ не было бачна. І тут Элізе здалося, што лебедзі зусім стаміліся і цяжка махаюць крыламі. Зойдзе сонца, яе браты на ляту ператворацца ў людзей, упадуць у мора і ўтопяцца.

І яна будзе вінаватая!

Набліжалася чорная хмара, моцныя парывы ветру прадказвалі буру, грозна насіліся маланкі.

Сэрца Элізы затрымцела: сонца ўжо амаль краналася вады.

І раптам лебедзі рынуліся ўніз з вялізнай хуткасцю. Элізе здалося, што яны падаюць. Але не, яны яшчэ ляцелі. І вось, калі сонца ўжо напалову зайшло ў ваду, Эліза ўбачыла ўнізе скалу. Яна была вельмі маленькая, не большая за цюленя, які вытыркнуў з вады галаву. Лебедзі ступілі на яе ў тую самую хвіліну, калі патух у паветры апошні сонечны промень. Эліза ўбачыла вакол сябе братоў, якія стаялі поплеч; яны ледзьве памяшчаліся на маленькай скале. Мора шалёна білася аб камяні і абдавала братоў і Элізу суцэльным дажджом пырскаў. Неба палала ад бліскавіцаў, і штохвілінна грымеў гром, але сястра і браты трымаліся за рукі і падбадзёрвалі адзін аднаго ласкавымі словамі.

На світанні бура ўтаймавалася, і зноў стала светла і ціха. Як толькі ўзышло сонца, браты з Элізай паляцелі далей. Мора яшчэ бурліла, і яны бачылі з вышыні, як белая пена плыла, нібы мільёны лебедзяў, па цёмна-зялёнай вадзе.

Калі сонца паднялася вышэй, Эліза раптам убачыла ўдалечыні вялізны замак, які быў акружаны лёгкімі, быццам паветранымі галерэямі; унізе, пад сценамі замка, калыхаліся пальмы і раслі цудоўныя кветкі.

Эліза спытала, ці тая гэта краіна, куды яны ляцяць, але лебедзі пахіталі галовамі: гэта было толькі мроіва, воблачны замак Фата-Марганы, які вечна мяняецца. Эліза зноў паглядзела ўдалеч, але замка ўжо не было. Там, дзе раней быў замак, узнімаліся высокія горы, якія зараслі лесам. На самых вяршынях блішчэў снег, глыбы празрыстага лёду спускаліся паміж непрыступных скалаў.

Раптам горы ператварыліся ў цэлую флатылію караблёў; Эліза прыгледзелася ўважліва і ўбачыла, што гэта проста марскі туман, які ўзнімаецца над вадой.

Але вось нарэшце паказалася і сапраўдная зямля. Там, на беразе, разлягаліся зялёныя палі, цямнелі кедравыя лясы, а яшчэ далей былі бачны вялікія гарады і высокія замкі. Да захаду сонца было яшчэ далёка, а Эліза ўжо сядзела на скале перад глыбокай пячорай. Па пячоры віліся пяшчотна-зялёныя расліны, нібы вышываныя зялёныя дываны. Гэта быў цудоўны дом яе братоў-лебедзяў.

— Паглядзім, што табе прысніцца ў гэтую ноч, — сказаў малодшы брат і адвёў Элізу ў яе пакой.

— Ах, няхай бы я ўбачыла ў сне, як вызваліць вас ад чараў! — сказала Эліза і заплюшчыла вочы.

І вось ёй прымроілася, што яна ляціць высока-высока да таго замка, які бачыла над морам. А з замка насустрач ёй выходзіць фея Фата-Маргана. Фата-Маргана светлая і чароўная, але ў той жа час вельмі падобная на тую бабулю, якая дала Элізе ў лесе ягад і расказала пра лебедзяў у залатых каронах.

— Тваіх братоў можна выратаваць, — сказала Фата-Маргана, — але ці хопіць у цябе мужнасці і стойкасці? Вада мякчэйшая за твае пяшчотныя рукі, а ўсё ж яна робіць камяні гладкімі і круглымі, але вада не адчувае болю, які будуць адчуваць твае пальцы: у вады няма сэрца, якое млее ад страху і пакуты, як тваё сэрца. Бачыш, у мяне ў руках крапіва. Такая ж крапіва расце тут, каля пячоры, і толькі яна ды яшчэ тая крапіва, якая расце на могілках, можа табе спатрэбіцца. Памятай жа гэта! Нарві крапівы, хаця рукі твае пакрыюцца пухірамі ад апёкаў; потым разамні яе нагамі і спрадзі з яе доўгія ніткі. З гэтых нітак звяжы адзінаццаць сарочак з доўгімі рукавамі і, калі яны будуць гатовыя, надзень іх на лебедзяў. Як толькі сарочкі дакрануцца да іх пер'я, чары знікнуць. Але памятай, што з той хвіліны, як ты пачнеш сваю працу, і да той пары, пакуль не скончыш яе, ты не павінна гаварыць ні слова, колькі б твая праца часу ні заняла. Першае ж слова, якое сарвецца ў цябе з языка, праніжа сэрца тваіх братоў, бы кінжалам. Іх жыццё і смерць у тваіх руках!

Тады Эліза выйшла з пячоры і ўзялася за працу.

Сваімі пяшчотнымі рукамі рвала яна злую, пякучую крапіву, і пальцы яе пакрываліся вялікімі пухірамі, але яна з радасцю пераносіла боль: толькі б выратаваць дарагіх братоў! Яна нарвала цэлы ахапак крапівы, потым размяла яе голымі нагамі і пачала прасці доўгія зялёныя ніткі.

Калі зайшло сонца, у пячору прыляцелі браты. Яны пачалі распытваць сястру пра тое, што яна рабіла, пакуль іх не было. Але Эліза не адказала ім ні слова. Браты вельмі спалохаліся, думалі, што сястра іх зрабілася нямой.

«Гэта новае чарадзейства злой мачахі», — падумалі яны, але глянулі на рукі Элізы, што пакрыліся пухірамі, зразумелі, што яна зрабілася нямой дзеля іх выратавання. Самы маладзейшы брат заплакаў; слёзы яго капалі ёй на рукі, і там, куды трапляла слязінка, знікалі пякучыя пухіры, сціхаў боль.

Ноч Эліза правяла за сваёй працай; пра адпачынак і не думала — яна думала толькі пра тое, як бы хутчэй вызваліць сваіх любых братоў. Увесь наступны дзень, пакуль лебедзі лёталі, яна заставалася сам-насам, але ніколі яшчэ час не цёк так хутка. Вось ужо адна сарочка была гатова, і дзяўчына прынялася за наступную.

Раптам у гарах пачуліся гукі паляўнічых ражкоў. Эліза спалохалася. Гукі ўсё набліжаліся, затым пачуўся брэх сабак. Дзяўчына схавалася ў пячору, звязала ўсю сабраную крапіву ў пучок і села каля яго. У тую ж хвіліну з-за кустоў выскачыў вялікі сабака, за ім другі і трэці. Сабакі гучна брахалі і бегалі ўзад і ўперад. Хутка ля пячоры сабраліся ўсе паляўнічыя. Самы прыгожы з іх быў кароль той краіны; ён падышоў да Элізы. Ніколі яшчэ не сустракаў ён такой прыгажуні!

— Як жа ты трапіла сюды, любачка? — спытаў ён, але Эліза толькі пахітала галавой — яна ж не пасмела гаварыць: калі б яна сказала хоць адно слова, яе браты загінулі б.

Рукі свае Эліза схавала пад фартух, каб кароль не заўважыў пухіроў і драпін.

— Пойдзем са мной! — сказаў кароль. — Тут нельга табе заставацца! Калі ты такая добрая, як і прыгожая, то я апрану цябе ў шоўк і аксаміт, надзену табе на галаву залатую карону, і ты будзеш жыць у маім велікапышным палацы.

І ён пасадзіў яе на сядло перад сабой.

Эліза горка плакала, але кароль сказаў:

— Я хачу толькі твайго шчасця. Калі-небудзь ты сама падзякуеш мне.

І ён павёз яе праз горы, а паляўнічыя ехалі на конях услед.

Вечарам перад імі паказалася велікапышная сталіца караля, з палацамі і вежамі, і кароль увёў Элізу ў свой палац. У высокіх мармуровых пакоях цурчалі фантаны, сцены і столі былі ўпрыгожаны рознымі малюнкамі. Але Эліза не глядзела ні на што, яна сумавала і плакала. Служанкі апранулі яе ў каралеўскае адзенне, уплялі ёй у валасы брыльянтавыя ніткі і надзелі на яе апечаныя пальцы тонкія пальчаткі.

У багатым убранні Эліза была такая чароўная, што ўвесь двор пакланіўся ёй, а кароль абвясціў яе сваёй нявестай. Але каралеўскі епіскап пахітаў галавой і пачаў нашэптваць каралю, што нямая прыгажуня, мабыць, лясная ведзьма, — яна зачаравала сэрца караля.

Кароль не паверыў яму, ён падаў знак музыкам, загадаў паклікаць лепшых танцоўшчыц і падаваць на стол дарагія стравы, а сам павёў Элізу цераз духмяныя сады ў велікапышныя пакоі. Але Эліза па-ранейшаму была сумнай і прыгнечанай. Тады кароль адчыніў дзверцы ў маленькі пакой каля спальні Элізы. Пакой ўвесь быў завешаны зялёнымі дыванамі і нагадваў лясную пячору, дзе кароль знайшоў Элізу. На падлозе ляжала вязанка крапівы, а на сцяне вісела сплеценая Элізай сарочка. Усё гэта, як рэдкасць, захапіў з сабою адзін з паляўнічых.

— Тут можаш ты прыгадаць сваё былое жытло, — сказаў кароль. — А вось і твая праца. Можа, ты захочаш іншы раз павесяліцца сярод усёй гэтай пышнасці, успомніць былое.

Убачыўшы сваю крапіву і сплеценую сарочку, Эліза з радасцю пацалавала каралю руку, а ён прыціснуў яе да сваіх грудзей.

Епіскап працягваў нашэптваць каралю паганыя выдумкі, але яны не краналі сэрца караля. На наступны дзень згулялі вяселле. Епіскап сам павінны быў надзець на галаву нявесты карону; ад крыўды ён так шчыльна нацягнуў ёй на лоб вузкі залаты абруч, што кожнаму балюча б стала, ды Эліза нават не заўважыла гэтага.

Яна ўсё думала пра сваіх дарагіх братоў. Вусны яе па-ранейшаму былі сціснуты, ні адзінага слова не вылецела з іх, а ў яе вачах свяцілася гарачае каханне да добрага, прыгожага караля, які рабіў усё, каб толькі парадаваць яе. З кожным днём яна прывязвалася да яго ўсё больш. О, калі б яна магла расказаць пра свае пакуты! Але яна павінна была маўчаць, пакуль не скончыць сваю працу.

Начамі яна ўпотай ішла ў свой пакойчык, які нагадваў пячору, і пляла там адну сарочку за другой. Ужо шэсць сарочак былі гатовы, але калі яна ўзялася за сёмую, то заўважыла, што крапівы ў яе больш няма.

Эліза ведала, што можа знайсці такую крапіву на могілках. І вось уночы яна ціхенька выйшла з палаца.

Сэрца яе сціскалася ад страху, калі яна прабіралася месячнай ноччу на могілкі па доўгіх алеях саду, а потым па пустых вуліцах.

На могілках Эліза нарвала крапівы і вярнулася дамоў.

Толькі адзін чалавек не спаў у тую ноч і бачыў Элізу. Гэта быў епіскап.

Раніцай епіскап прыйшоў да караля і расказаў яму пра тое, што бачыў ноччу.

— Прагані яе, кароль, яна злая чарадзейка! — нашэптваў епіскап.

— Няпраўда, Эліза добрая! — адказаў кароль, але сумненне закралася ў яго сэрца.

Ноччу кароль толькі прытварыўся, што спіць. І вось ён убачыў, што Эліза ўстала і выйшла са спальні. У наступныя ночы паўтаралася тое ж самае: кароль не спаў і бачыў, як яна хавалася ў сваім таемным пакоі.

Кароль рабіўся ўсё змрачнейшым. Эліза бачыла гэта, але не разумела, чым незадаволены кароль. Сэрца яе ныла ад страху і ад любасці да братоў; на яе каралеўскія апранахі каціліся слёзы, што блішчэлі, бы алмазы, а людзі, якія бачылі яе багатыя ўборы, зайздросцілі. І вось хутка-хутка канец яе працы. Ужо дзесяць сарочак былі гатовы, а на адзінаццатую зноў не хапіла крапівы. Яшчэ раз, апошні, патрэбна было пайсці на могілкі і нарваць некалькі пучкоў крапівы. Яна з жахам падумала пра пустынныя могілкі і ўсё ж вырашыла схадзіць туды.

Уночы Эліза зноў употай выйшла з палаца, але кароль і епіскап сачылі за ёй, і яны ўбачылі, як Эліза схавалася за плотам на могілках.

Што магла рабіць там каралева?

— Цяпер ты сам бачыш, што яна злая ведзьма, — сказаў епіскап і патрабаваў, каб Элізу спалілі на кастры.

І кароль павінен быў даць згоду.

Элізу пасадзілі ў цёмнае сырое падзямелле з жалезнымі кратамі на вокнах, у якія са свістам урываўся вецер. Ёй кінулі ахапак крапівы, якую яна нарвала на могілках. Гэта пякучая крапіва павінна была служыць Элізе заместа падушкі, а сарочкі, якія яна звязала, — ложкам. Але нічога іншага Элізе і не трэба было. Яна зноў узялася за працу.

Вечарам ля кратаў пачуўся шум лебядзіных крылаў. Гэта самы малодшы брат адшукаў сваю сястру, і Эліза гучна заплакала ад радасці, хаця і ведала, што жыць ёй засталося ўсяго адну ноч. Але ж і праца яе заканчвалася, і браты былі тут!

Усю ноч пляла Эліза апошнюю сарочку. Мышы, што бегалі па падзямеллі, спачувалі ёй, яны пачалі збіраць прыносіць да яе ног раскіданыя сцяблінкі крапівы, дрозд, які сядзеў за кратамі акна, пацяшаў яе песенькай.

На світанні, неўзабаве да ўсходу сонца, да варот палаца прыйшлі адзінаццаць братоў Элізы і патрабавалі, каб іх пусцілі да караля. Ім адказалі, што гэта немагчыма: кароль яшчэ спаў і ніхто не мог яго турбаваць. Але яны не адыходзіліся і працягвалі прасіць. Кароль пачуў нечыя галасы і выглянуў з акна, каб даведацца, што там робіцца. Але ў гэтую хвіліну ўзышло сонца і браты Элізы зніклі. Кароль бачыў толькі, як над палацам узняліся адзінаццаць дзікіх лебедзяў.

Людзі натоўпамі ішлі за горад, каб паглядзець, як будуць караць каралеву. Худзенькая кабылка цягнула калёсы, на якіх сядзела Эліза; на Элізу надзелі сарочку са зрэбнага палатна; яе цудоўныя доўгія валасы віселі на плячах, а твар быў белы, як снег. Нават па дарозе да месца кары не выпускала яна з рук сваёй працы: дзесяць сарочак ляжалі ля яе ног зусім гатовыя, адзінаццатую яна працягвала вязаць.

— Паглядзіце на ведзьму! — крычалі ў натоўпе. — Яна не кідае свае вядзьмарскія рэчы! Давайце вырвем іх у яе, ды парвём на шматкі!

Чыесьці рукі пацягнуліся, каб вырваць у Элізы зялёную сарочку, але тут прыляцелі адзінаццаць лебедзяў. Яны селі на краі калёсаў і моцна залопалі сваімі дужымі крыламі. Спалоханыя людзі адступілі.

— Белыя лебедзі зляцелі з неба! Яна не вінаватая! — шапталі многія, але баяліся сказаць гэта ўголас.

І вось кат схапіў Элізу за руку, але яна хутка накінула на лебедзяў зялёныя сарочкі, і ледзь толькі сарочкі дакраналіся да іх пер'я, усе адзінаццаць лебедзяў ператвараліся ў прыгожых прынцаў.

Толькі ў самага малодшага замест левай рукі засталося лебядзінае крыло: Эліза не паспела давязаць рукаво на апошняй сарочцы.

— Цяпер я магу размаўляць! — сказала Эліза. — Я не вінаватая!

І людзі, якія бачылі ўсё гэта, пакланіліся ёй і пачалі славіць, але Эліза страціла прытомнасць і ўпала ў абдымкі братоў. Яна так напакутвалася ад страху і болю.

— Так, яна не вінаватая! — сказаў самы старэйшы прынц і расказаў пра ўсё, што было.

А пакуль ён гаварыў, у паветры расплываўся водар быццам ад мільёнаў руж: гэта кожнае палена ў вогнішчы пусціла карані і парасткі, і на тым месцы, дзе яе хацелі спаліць, вырас высокі зялёны куст, а на ім чырвоныя ружы. А на самай верхавіне куста ззяла, як зорка, асляпляльна белая кветка.

Кароль сарваў яе, паклаў на грудзі Элізы, і яна прачнулася.

Тут усе званы ў горадзе зазванілі самі па сабе, птушкі зляцеліся цэлымі выраямі, а да палаца пацягнулася такое шчаслівае шэсце, якога не бачыў яшчэ ні адзін кароль!

Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 5, средняя: 2.8 (от 1 до 5)

 

Наверх
<<< Предыдущая страница Следующая страница >>>
На главную

 

   

Старая версия сайта

Книги Родни Коллина на продажу

Нашли ошибку?
Выделите мышкой и
нажмите Ctrl-Enter!

© Василий Петрович Sеменов 2001-2012  
Сайт оптимизирован для просмотра с разрешением 1024х768

НЕ РАЗРЕШАЕТСЯ КОММЕРЧЕСКОЕ ИСПОЛЬЗОВАНИЕ МАТЕРИАЛОВ САЙТА!