Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство
Продлевать значит поддерживать свою осведомленность о превосходящей славе Бога. Орден Накшбанди
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Блог в ЖЖ
Карта сайта
Архив новостей
Обратная связь
Форум
Гостевая книга
Добавить в избранное
Настройки
Инструкции
Главная
Западная Литература
Х.К. Андерсен
Карты путешествий
Ресурсы в Интернете
Р.М. Рильке
У. Уитмен
И.В. Гете
М. Сервантес
Восточная Литература
Фарид ад-дин Аттар
Живопись
Фра Анжелико
Книги о живописи
Философия
Эпиктет
Духовное развитие
П.Д. Успенский
Дзен. 10 Быков
Сервисы сайта
Мудрые Мысли
От автора
Авторские притчи
Помощь сайту
 

 

Текущая фаза Луны

Текущая фаза Луны

19 апреля 2024

 

Главная  →  Х.К. Андерсен  →  Сказки  →  Переводы сказок  →  Все сказки на белорусском языке  →  Галёшы шчасця

Случайный отрывок из текста: Райнер Мария Рильке. Письма к молодому поэту
... И поэтому так важно быть одиноким и внимательным, когда ты печален; потому что-то, казалось бы, недвижное и остановившееся мгновение, когда в нас вступает будущее, много ближе к жизни, чем тот случайный и шумный час, когда оно — как бы независимо от нас — обретает жизнь. Чем тише, терпеливее и откровеннее мы в часы нашей печали, тем неуклоннее и глубже входит в нас новое, тем прочнее мы его завоевываем, тем более становится оно нашей судьбой, и мы в какой-нибудь отдаленный день, когда оно "совершится" (т. е. от нас перейдет к другим людям), будем чувствовать себя родственнее и ближе ему. ...  Полный текст


Выберите из раздела сказок Андерсена:

Перечень сказок:
по году издания
по алфавиту
по популярности
по оценкам читателей
случайная сказка

Переводы сказок:
на белорусском
на украинском
на монгольском
на английском
на французском
на испанском

Иллюстрации к сказкам:
В. Педерсен
Л, Фрюлих
Э. Дюлак
современные художники

Примечания к сказкам:
Примечания

Выберите из раздела Андерсена:

Повести и романы, стихи, автобиографии, путевые заметки, письма, портреты, фотографии, вырезки, рисунки, литература об Андерсене, раздел Андерсена на форуме.
   

Эту сказку можно посмотреть на 2-х языках одновременно
Выберите языки:
и  

 
Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 1, средняя: 3.0 (от 1 до 5)
   

Галёшы шчасця

 

І. Пачатак

Справа была ў Капенгагене, на Ўсходняй вуліцы, непадалёку ад Новай каралеўскай плошчы. У адным доме сабралася вялікая кампанія — іншы раз даводзіцца ўсё-такі прымаць гасцей; затое, глядзіш, і сам дачакаешся калі-небудзь запрашэння. Госці разбіліся на дзве асобныя купкі: адна тут жа села за ломберныя сталы, другая ж утварыла кружок вакол гаспадыні, якая прапанавала «прыдумаць што-небудзь цікавейшае», і размова пацякла сама сабой. Між іншым, гаворка зайшла пра сярэднія вякі, і многія лічылі, што ў тыя часы жылося намнога лепш, чым цяпер. Так, так! Саветнік юстыцыі Кнап абараняў гэтую думку так заўзята, што гаспадыня адразу з ім згадзілася, і яны ўдваіх накінуліся на беднага Эрстэда, які даказваў у сваім артыкуле ў «Альманасе», што наша эпоха чымсьці ўсё-такі вышэй за сярэдневякоўе. Саветнік сцвярджаў, што праўленне караля Ганса было лепшай і шчаслівейшай часінай у гісторыі чалавецтва.

Пакуль вядзецца гэтая гарачая спрэчка, якая перапынілася толькі на імгненне, калі прынеслі вячэрнюю газету (зрэшты, чытаць у ёй абсалютна не было чаго), пройдзем у пярэднюю, дзе госці пакінулі свае паліто, кульбакі, парасоны і галёшы. Сюды толькі што зайшлі дзве жанчыны: маладая і старая. На першы погляд іх можна было прыняць за пакаёвак, якія праводзілі сюды сваіх самавітых гаспадынь, але, прыгледзеўшыся ўважлівей, вы б заўважылі, што гэтыя жанчыны ані не падобныя на служанак: надта ўжо мяккія і пяшчотныя былі ў іх рукі, надта велічныя пастава і ўсе рухі, а вопратка вызначалася нейкім асабліва смелым кроем. Вы, канечне, ужо здагадаліся, што гэта былі феі. Малодшая была калі і не самой феяй Шчасця, то ўжо, напэўна, камерысткай адной з яе шматлікіх камер-фрэйлін і займалася тым, што прыносіла людзям розныя дробныя дары шчасця. Старэйшая здавалася намнога больш сур'ёзнай — яна была феяй Смутку і заўсёды спраўлялася са сваімі клопатамі сама, не перадаручаючы іх нікому: так, прынамсі, яна ведала, што ўсё абавязкова будзе зроблена як належыць.

Стоячы ў пярэдняй, яны расказвалі адна адной, дзе пабывалі за дзень. Камерыстка камер-фрэйліны Шчасця сёння выканала ўсяго толькі некалькі малаважных даручэнняў: выратавала ад ліўня чыйсьці новы капялюш, перадала аднаму шаноўнаму чалавеку паклон ад высокапастаўленай нікчэмнасці і ўсё ў тым жа духу. Але затое ў запасе ў яе засталося нешта зусім незвычайнае.

— Трэба табе сказаць, — закончыла яна, — што ў мяне сёння дзень нараджэння, і ў гонар гэтай падзеі мне далі пару галёшаў з тым, каб я аднесла іх людзям. Гэтыя галёшы валодаюць адной цудоўнай уласцівасцю: таго, хто іх надзене, яны могуць імгненна перанесці ў любое месца ці ў любую эпоху — куды ён толькі пажадае, — і ён, такім чынам, адразу набудзе шчасце.

— Ты так думаеш? — адгукнулася фея Смутку. — Ведай жа: ён будзе самым няшчасным чалавекам на зямлі і блаславіць тую хвіліну, калі нарэшце пазбавіцца ад тваіх галёшаў.

— Ну, гэта мы яшчэ паглядзім! — прамовіла камерыстка Шчасця. — А пакуль што я пастаўлю іх каля дзвярэй. Ану ж хто-небудзь іх абуе памылкова замест сваіх і стане шчаслівы.

Вось якая паміж імі адбылася размова.

 

ІІ. Што адбылося з саветнікам юстыцыі

Было ўжо позна. Саветнік юстыцыі Кнап збіраўся дахаты, усё яшчэ разважаючы аб часе караля Ганса. І трэба ж было так здарыцца, каб замест сваіх галёшаў ён надзеў галёшы шчасця. Як толькі ён выйшаў у іх на вуліцу, чароўная сіла галёшаў тут жа перанесла яго ў эпоху караля Ганса, і ногі яго адразу патанулі ў непралазнай гразі, таму што пры каралі Гансе вуліц не масцілі.

— Ну і гразёта! Проста жах што такое! — прамармытаў саветнік. — І да таго ж ні адзін ліхтар не гарыць.

Месяц яшчэ не ўзышоў, стаяў густы туман, і ўсё навокал патанала ў змроку. На рагу перад выявай мадонны вісела лампада, але яна ледзь цеплілася, так што саветнік заўважыў карціну, калі параўняўся з ёю, і толькі тады разгледзеў боскую маці з немаўлём на руках.

«Тут, напэўна, была майстэрня мастака, — вырашыў ён, — а шыльду забылі зняць».

Раптам паўз яго прайшло некалькі чалавек у сярэдневяковых касцюмах.

«Чаго гэта яны так прыбраліся? — падумаў саветнік. — Мабыць, з маскарада ідуць».

Але раптам пачуўся барабанны бой і свіст дудак, замільгалі факелы, і позірку саветніка паўстала дзівоснае відовішча! Насустрач яму па вуліцы рухалася дзіўная працэсія: наперадзе ішлі барабаншчыкі, спрытна выбіваючы дробат кійкамі, а за імі крочылі стражнікі з лукамі і арбалетамі. Відавочна, то была світа, якая суправаджала нейкую важную духоўную асобу. Здзіўлены саветнік спытаў, што гэта за шэсце і хто гэты саноўнік.

— Епіскап Зеландскі! — пачулася ў адказ.

— Злітуйся, божа! Што яшчэ такое здарылася з епіскапам? — уздыхнуў саветнік Кнап, сумна ківаючы галавою. — Не, наўрад ці гэта епіскап.

Разважаючы аб усіх гэтых дзівосах і не гледзячы па баках, саветнік марудна ішоў па Ўсходняй вуліцы, пакуль нарэшце не дабраўся да плошчы Высокага моста. Аднак моста, які вёў да Дварцовай плошчы, на месцы не аказалася, — бедны саветнік ледзь разгледзеў у суцэльнай цемры нейкую рэчку і ў рэшце рэшт заўважыў лодку, у якой сядзела двое хлопцаў.

— Загадаеце пераправіць вас на выспу? — спыталі яны.

— На выспу? — перапытаў саветнік, не ведаючы яшчэ, што ён цяпер жыве ў часы сярэднявечча. — Мне трэба трапіць у Хрысціянаву гавань, на Малую гандлёвую вуліцу.

Хлопцы вытрашчылі на яго вочы.

— Скажыце мне хоць бы, дзе мост? — працягваў саветнік. — Ну што за непарадак! Ліхтары не гараць, а гразь такая, што здаецца, быццам па балоце брыдзеш.

Але чым больш ён размаўляў з перавозчыкамі, тым менш мог што-небудзь узяць у толк.

— Не разумею я вашай барнхольмскай тарабаршчыны! — раззлаваўся ён нарэшце і павярнуўся да іх спінай.

Але моста ён усё-такі не знайшоў; каменны парапет набярэжнай знік таксама. «Што робіцца? Вось бязладдзе!» — думаў ён. Так, ніколі яшчэ рэчаіснасць не здавалася яму такой убогай і мярзотнай, як у гэты вечар. «Не, лепш узяць рамізніка, — вырашыў ён. — Але, божа, куды ж яны ўсе прапалі? Як на злосць, ніводнага! Вярнуся ж я на Новую каралеўскую плошчу — там, напэўна, стаяць экіпажы, а то мне давеку не трапіць у Хрысціянаву гавань!»

Ён зноў вярнуўся на Ўсходнюю вуліцу і паспеў ужо прайсці яе амаль усю, калі ўзышоў месяц.

«Божа, што гэта тут панабудавалі такое?» — здзівіўся саветнік, убачыўшы перад сабой Усходнія Гарадскія вароты, якія ў тыя далёкія часы стаялі ў канцы Ўсходняй вуліцы.

Нарэшце, ён знайшоў брамку і выйшаў на цяперашнюю Новую каралеўскую плошчу, якая ў тыя часы была проста вялікім лугам. На лузе там і сям тырчалі кусты, і ён быў перасечаны ці то шырокім каналам, ці то ракой. На супрацьлеглым беразе размясціліся бедныя домікі галандскіх шкіпераў, чаму і месца гэтае называлася Галандскай вышынёй.

— Божа мой! Ці гэта міраж, фата-моргана, ці я... божа... п'яны? — застагнаў саветнік юстыцыі. — Што ж гэта такое? Што ж гэта такое?

І саветнік зноў павярнуў назад, падумаўшы, што захварэў. Ідучы па вуліцы, ён цяпер уважліва прыглядаўся да дамоў і заўважыў, што ўсе яны даўнейшай пабудовы і многія накрыты саломай.

— Але, канечне, я захварэў, — уздыхнуў ён, — а ўсяго ж адну шклянку пуншу выпіў, але мне і гэта зашкодзіла. І трэба ж дадумацца — частаваць гасцей пуншам і гарачай ласосінай! Не! Я абавязкова пагавару аб гэтым з агентшай. Вярнуцца хіба да іх і расказаць, якая са мной здарылася бяда? Не, няёмка. Ды яны ўжо, бадай, даўно спаць паляглі.

Ён пачаў шукаць дом іншых сваіх знаёмых, але яго таксама не аказалася на месцы.

— Не, гэта проста жах нейкі! Не пазнаю Ўсходняй вуліцы. Ні адной крамы! Усё толькі старыя, нікчэмныя халупы — можна падумаць, што я трапіў у Раскіле альбо Рынгстэд. Так, кепскія мае справы! Ну што ўжо тут саромецца, вярнуся да агента! Але, чорт вазьмі, як мне знайсці яго дом? Я болей не пазнаю яго. Ага, тут, здаецца, яшчэ не спяць!.. Ах, я зусім расхварэўся, зусім расхварэўся.

Ён наткнуўся на прачыненыя дзверы, з-за якіх лілося святло. Гэта быў адзін з тых старадаўніх шынкоў, якія былі падобны на цяперашнія нашы піўныя. Агульны пакой нагадваў голшцінскую харчэўню. У ім сядзела некалькі пастаянных кліентаў — шкіперы, капенгагенскія бюргеры і яшчэ нейкія людзі, з выгляду вучоныя. Папіваючы з кубкаў піва, яны вялі гарачую спрэчку і не звярнулі ніякай увагі на новага наведвальніка.

— Даруйце, — сказаў саветнік гаспадыні, якая падышла да яго, — мне раптам стала кепска. Вы не дастанеце мне рамізніка? Я жыву ў Хрысціянавай гавані.

Гаспадыня паглядзела на яго і сумна пахітала галавой, пасля нешта сказала па-нямецку. Саветнік падумаў, што яна дрэнна разумее па-дацку, і паўтарыў сваю просьбу на нямецкай мове. Гаспадыня ўжо заўважыла, што наведвальнік апрануты неяк дзіўна, а цяпер, пачуўшы нямецкую гаворку, канчаткова пераканалася ў тым, што перад ёю іншаземец. Яна вырашыла, што ён дрэнна сябе адчувае, і прынесла яму кубак саланаватай калодзежнай вады.

Саветнік абапёрся галавой на руку, глыбока ўздыхнуў і задумаўся: куды ж ён усё-такі трапіў?

— Гэта вячэрні выпуск «Дня»? — спытаў ён, проста каб сказаць што-небудзь, убачыўшы, як гаспадыня прыбірае вялікі аркуш паперы.

Яна яго не зразумела, але ўсё-такі працягнула яму аркуш: гэта была старадаўняя гравюра з адлюстраваннем дзіўнага свячэння неба, якое аднойчы назіралі ў Кёльне.

— Антыкварная карціна! — сказаў саветнік, убачыўшы гравюру, і адразу ажывіўся: — Дзе вы дасталі гэтую рэдкасць? Вельмі, вельмі цікава, хаця і суцэльная выдумка. На самой справе гэта было проста паўночнае ззянне, як тлумачаць цяпер вучоныя; і, верагодна, падобныя з'явы называюцца электрычнасцю.

Тыя, што сядзелі блізка і чулі яго словы, паглядзелі на яго з павагай; адзін чалавек нават падняўся, пачціва зняў капялюш і сказаў з самым сур'ёзным выглядам:

— Вы, відавочна, вялікі вучоны, масье?

— О не, — адказаў саветнік, — проста я магу паразмаўляць аб тым-сім, як і ўсялякі іншы.

— Моdestia (Сціпласць (лац.)) — цудоўнейшая дабрадзейка, — прамовіў яго субяседнік. — Зрэшты, аб сутнасці вашага выказвання mihi secus vedetur ( я іншай думкі (лац.)), хаця і ахвотна ўстрымаюся пакуль выказваць маё ўласнае jedicium (меркаванне (лац.)).

— Асмелюся спытаць, з кім маю задавальненне размаўляць? — пацікавіўся саветнік.

— Я бакалаўр багаслоўя, — адказаў той.

Гэтыя словы ўсё растлумачылі саветніку — незнаёмец быў апрануты ў адпаведнасці са сваім вучоным званнем. «Напэўна, гэта нейкі стары сельскі настаўнік, — падумаў ён, — чалавек як не з гэтага свету, якіх яшчэ можна сустрэць у аддаленых кутках Ютландыі».

— Тут, канечне, не locus docendi (Месца вучоных размоў (лац.)), — гаварыў багаслоў, — але я ўсё-такі вельмі прашу вас працягваць сваю гаворку. Вы, канечне, досыць начытаны ў старажытнай літаратуры!

— О так! Вы кажаце праўду, я нярэдка пачытваю старажытных аўтараў, дакладней, усе іх добрыя творы; але вельмі люблю і навейшую літаратуру, толькі не «Звычайныя гісторыі»; іх хапае і ў жыцці!

— Звычайныя гісторыі? — перапытаў багаслоў.

— Але, я кажу аб гэтых новых раманах, якіх столькі цяпер выходзіць.

— О, яны вельмі дасціпныя і карыстаюцца поспехам пры двары, — усміхнуўся бакалаўр. — Кароль асабліва любіць раманы аб Іфвенце і Гаўдзіяне, у якіх расказваецца аб каралі Артуры і рыцарах Круглага стала, і нават дазволіў жартаваць па гэтай прычыне са сваімі набліжанымі (Славуты дацкі пісьменнік Хольберг расказвае ў сваёй «Гісторы Дацкай дзяржавы», што, прачытаўшы раман аб рыцарах Круглага стала, кароль Ганс аднойчы сказаў жартам свайму набліжанаму Ота Руду, якога вельмі любіў: «Гэтыя паны Іфвент і Гаўдзіян, аб якіх гаворыцца ў гэтай кнізе, былі выдатныя рыцары. Такіх цяпер больш не сустрэнеш». На што Ота Руд адказаў: «Калі б цяпер сустракаліся такія каралі, як кароль Артур, то, напэўна, знайшлося б нямала такіх рыцараў, як Іфвент і Гаўдзіян».).

— Гэтых раманаў я яшчэ не чытаў, — сказаў саветнік юстыцыі. — Напэўна, гэта Хейберг што-небудзь новае выпусціў?

— Не, што вы, не Хейберг, а Готфрэд фон Гемен, — адказаў бакалаўр.

— Дык вось хто аўтар! — усклікнуў саветнік. — Якое старажытнае імя? Гэта ж наш першы дацкі кнігадрукар, ці не так?

— Але, ён наш першадрукар! — пацвердзіў багаслоў.

Такім чынам, пакуль што ўсё ішло цудоўна. Калі адзін з гараджан загаварыў аб чуме, якая лютавала тут некалькі гадоў назад, а іменна ў 1484 годзе, саветнік падумаў, што гаворка ідзе аб нядаўняй эпідэміі халеры, і размова паспяхова працягвалася. А пасля як было не згадаць закончаную зусім нядаўна пірацкую вайну 1490 года, калі ангельскія каперы захапілі дацкія караблі, што стаялі на рэйдзе. Тут саветнік, успомніўшы аб падзеях 1801 года, ахвотна далучыў свой голас да агульных нападак на ангельцаў. Але далей размова штосьці перастала ладзіцца і ўсё часцей перапынялася магільнай цішынёй. Добры бакалаўр быў вельмі ўжо недаверлівы: самыя простыя меркаванні саветніка здаваліся яму чымсьці незвычайна смелым і фантастычным. Субяседнікі глядзелі адзін на аднаго з усё ўзрастаючым здзіўленнем, і калі нарэшце канчаткова перасталі разумець адзін аднаго, бакалаўр, спрабуючы паправіць справу, загаварыў на латыні, але гэта мала дапамагло.

— Ну, як вы сябе адчуваеце? — спытала гаспадыня, пацягнуўшы саветніка за рукаво.

Тут ён апамятаўся і са здзіўленнем утаропіўся на сваіх субяседнікаў, таму што за размовай зусім забыў, што з ім адбываецца.

«Божа, дзе я?» — падумаў ён, і пры адной думцы аб гэтым у яго закружылася галава.

— Давайце піць кларэт, мёд і брэменскае піва! — закрычаў адзін з гасцей. — І вы з намі!

Увайшлі дзве дзяўчыны, адна з якіх была ў двухколерным чэпчыку (Пры каралі Гансе, у 1495 годзе, быў выпушчаны ўказ, па якім жанчыны лёгкіх паводзін павінны былі насіць чэпчыкі з яркай расфарбоўкай, каб кідалася ў вочы.), яны падлівалі гасцям віно і нізка прысядалі. У саветніка нават мурашы забегалі па спіне.

— Што ж гэта такое? Што гэта такое? — шаптаў ён, але вымушаны быў піць разам з усімі. Сабутэльнікі так на яго населі, што бедны саветнік зусім збянтэжыўся, і калі нехта сказаў, што ён, напэўна, п'яны, ніколькі ў гэтым не засумняваўся і толькі папрасіў, каб яму нанялі рамізніка. Але ўсе вырашылі, што ён размаўляе па-маскавіцку. Ніколі ў жыцці саветнік не трапляў у такую грубую і неабчэсаную кампанію. «Можна падумаць, — казаў ён сабе, — што мы вярнуліся ў часы язычніцтва. Не, гэта жахлівейшая хвіліна ў маім жыцці!»

Тут яму прыйшло ў галаву: а што, калі залезці пад стол, падпаўзці да дзвярэй і ўцячы? Але калі ён быў ужо амаль каля мэты, гулякі заўважылі, куды ён паўзе, і схапілі яго за ногі. На шчасце, галёшы зваліліся ў яго з ног, а з імі рассеялася і чараўніцтва.

Пры яркім святле ліхтара саветнік выразна ўбачыў вялікі дом, які стаяў проста перад ім. Ён пазнаў гэты дом, і ўсе суседнія, пазнаў і Ўсходнюю вуліцу. Сам ён ляжаў на ходніках, упіраючыся нагамі ў чыесьці вароты, а побач сядзеў начны вартаўнік, які спаў моцным сном.

— Божа! Значыць, я заснуў проста на вуліцы, вось табе і на! — сказаў саветнік. — Так, вось і Ўсходняя вуліца... Як тут светла і прыгожа! Але хто б мог падумаць, што адна шклянка пуншу падзейнічае на мяне так моцна!

Праз дзве хвіліны саветнік ужо ехаў на рамізніку ў Хрысціянаву гавань. Усю дарогу ён успамінаў перажытыя ім жахі і ад усяго сэрца бласлаўляў шчаслівую рэальнасць і свой век, які, нягледзячы на ўсе яго заганы і недахопы, усё-такі быў лепшы за той, у якім яму толькі што давялося пабываць. І трэба сказаць, што на гэты раз саветнік юстыцыі разважаў упаўне разумна.

 

ІІІ. Прыгоды вартаўніка

— Гм, хтосьці пакінуў тут свае галёшы! — сказаў вартаўнік. — Гэта, напэўна, лейтэнант, што жыве наверсе. Вось бач які, кінуў іх каля самых варот!

Сумленны вартаўнік, канечне, хацеў было адразу пазваніць і аддаць галёшы іх законнаму ўладальніку, тым больш, што ў лейтэнанта яшчэ гарэла святло, але пабаяўся разбудзіць суседзяў.

— Ну і цёпла, відаць, хадзіць у такіх галёшах! — сказаў вартаўнік. — А скура да чаго мяккая!

Галёшы прыйшліся якраз яму на нагу.

— І сапраўды як дзіўна ўладкаваны свет, — працягваў ён. — Узяць хоць бы гэтага лейтэнанта: мог бы зараз спакойна спаць у цёплай пасцелі, — дык не ж, усю ноч ходзіць узад і ўперад па пакоі. Вось каму шчасце! Няма ў яго ні жонкі, ні дзяцей, ні трывог, ні турбот; кожны вечар па гасцях раз'язджае. Добра б мне памяняцца з ім месцамі: я тады стаў бы самым шчаслівым чалавекам на зямлі!

Не паспеў ён гэта падумаць, як чароўнай сілай галёшаў імгненна пераўвасобіўся ў таго афіцэра, што жыў наверсе. Цяпер ён стаяў пасярод пакоя, трымаў у руках лісток ружовай паперы з вершамі, якія напісаў сам лейтэнант. Ды і да каго іншы раз не з'яўляецца паэтычнае натхненне! Вось тады думкі і выліваюцца ў вершы. На ружовым лістку было напісана наступнае:

 

КАБ Я БАГАТЫМ БЫЎ

 

«Каб я багатым быў, — з маленства я жадаў, —

Абавязкова б афіцэрам стаў,

Насіў бы форму, шаблю і плюмаж!»

Ды выйшла так, што мары ўсе — міраж.

Сплылі гады — мундзір і я надзеў,

Ды стаць, на жаль, багатым не паспеў.

 

Вясёлым дзіцем, у вячэрні час,

Калі ты помніш, я бываў у вас,

Цябе я смешнай казкай забаўляў —

То быў мой капітал, які я сам збіраў.

Узрушана сядзела ты ў акне

І жартам губы цалавала мне.

 

Каб я багатым быў, дык Бога б я маліў

За тую, што навечна ўжо згубіў...

Жывуць яе краса і дабрата,

Аднак мая пустая каліта,

А казкі не заменяць капітал,

Бо паразіла беднасць напавал.

 

Каб я багатым быў, я горычы б не знаў

І на паперу боль не праліваў.

У гэтыя ж радкі я ўсю душу ўлажыў

І прысвяціў іх той, якую не забыў.

У сумны верш уклаў я жар любві!

І я — бядняк. Цябе ж Бог блаславі!

Так, закаханыя вечна пішуць падобныя вершы, але людзі разумныя іх усё-такі не друкуюць. Чын лейтэнанта, каханне і беднасць — вось злашчасны трохвугольнік або, дакладней, трохвугольная палова ігральнай косці, якая кінута на шчасце і якая раскалолася. Так думаў і лейтэнант, апусціўшы галаву на падаконнік і цяжка ўздыхаючы:

«Бядняк вартаўнік і той шчаслівейшы, чым я. Ён не ведае маіх пакут. У яго ёсць хатні ачаг, а жонка і дзеці дзеляць з ім і радасці, і гора. Ах, як бы мне хацелася быць на яго месцы, бо ён намнога шчаслівейшы за мяне!»

І ў той жа момант начны вартаўнік зноў стаў начным вартаўніком: афіцэрам жа ён зрабіўся толькі дзякуючы галёшам, але, як мы бачылі, не стаў ад гэтага шчаслівейшым і захацеў вярнуцца ў сваё ранейшае становішча. Такім чынам, начны вартаўнік зноў зрабіўся начным вартаўніком.

«Які благі сон мне прысніўся! — сказаў ён. — А зрэшты, даволі забаўны. Прыснілася мне, што я стаў тым самым лейтэнантам, які жыве ў нас наверсе, — і да чаго ж сумна ён жыве! Як мне не хапала жонкі і дзяцей: хто-хто, а яны заўсёды гатовы зацалаваць мяне да смерці».

Начны вартаўнік сядзеў на ранейшым месцы і ківаў у такт сваім думкам. Сон ніяк не выходзіў у яго з галавы, а на нагах усё яшчэ былі надзеты галёшы шчасця. Па небе пакацілася зорка.

«Бач, як пакацілася, — сказаў сабе вартаўнік. — Ну, нічога, іх там яшчэ шмат засталося. А добра было б убачыць бліжэй усе гэтыя нябесныя штукенцыі. Асабліва месяц: ён не тое што зорка, між пальцаў не праслізне. Студэнт, якому мая жонка мые бялізну, кажа, што пасля смерці мы будзем пералятаць з адной зоркі на другую. Гэта, канечне, хлусня, а ўсё ж як было б цікава гэтак павандраваць. Эх, калі б мне толькі ўдалося даскочыць да неба, а цела няхай бы ляжала тут, на прыступках».

Ёсць рэчы, аб якіх наогул трэба гаварыць вельмі асцярожна, асабліва калі на нагах у цябе галёшы шчасця! Вось паслухайце, што адбылося з вартаўніком.

Мы з вамі абавязкова ездзілі на цягніку альбо на параходзе, якія ішлі поўным ходам. Але ў параўнанні з хуткасцю святла іх хуткасць усё адно што хуткасць ляніўца альбо смаўжа. Святло бяжыць у дзевятнаццаць мільёнаў разоў хутчэй за самага лепшага скарахода, але не хутчэй за электрычнасць. Смерць — гэта электрычны ўдар у сэрца, і на крыллях электрычнасці вызваленая душа вылятае з цела. Сонечны прамень дваццаць мільёнаў міль прабягае ўсяго за восем хвілін з секундамі, але душа яшчэ хутчэй, чым святло, пакрывае велізарную прастору, якая раздзяляе зоркі.

Для нашай душы праляцець адлегласць паміж двума нябеснымі свяціламі гэтак жа проста, як нам самім дайсці да суседняга дома. Але электрычны ўдар у сэрца можа каштаваць нам жыцця, калі на нагах у нас няма такіх галёшаў шчасця, якія былі ў вартаўніка.

За некалькі секунд начны вартаўнік праляцеў прастору ў пяцьдзесят дзве тысячы міль, што аддзяляюць зямлю ад месяца, які, як вядома, складаецца з рэчыва намнога больш лёгкага, чым наша зямля, і ён прыкладна такі ж мяккі, як і самы свежы снег.

Вартаўнік апынуўся на адной з тых незлічоных месяцавых кальцавых гор, якія вядомы нам па вялікіх месяцавых картах доктара Мэдлера. Ты ж таксама бачыў іх, ці не праўда?

У гары ўтварыўся кратэр, сценкі якога амаль вертыкальна абрываліся ўніз на цэлую дацкую мілю, а на самым дне кратэра знаходзіўся горад. Горад гэты нагадваў яечны бялок, выпушчаны ў шклянку вады, — такімі празрыстымі і лёгкімі здаваліся яго вежы, купалы і ветразепадобныя балконы, якія слаба пакалыхваліся ў разрэджаным паветры месяца. А над галавой вартаўніка велічна плыў велізарны вогненна-чырвоны шар — наша зямля.

На месяцы было мноства жывых істот, якіх мы назвалі б людзьмі, калі б яны не так моцна адрозніваліся ад нас і па сваёй знешнасці, і па мове. Цяжка было чакаць, каб душа вартаўніка разумела гэтую мову, — аднак яна цудоўна яе разумела.

Так, так, можаце здзіўляцца, колькі хочаце, але душа вартаўніка адразу навучылася мове жыхароў месяца. Часцей за ўсё яны спрачаліся аб нашай зямлі. Яны вельмі і вельмі сумняваліся ў тым, што на зямлі ёсць жыццё, бо паветра там, казалі яны, занадта шчыльнае, і разумнае месячнае стварэнне не магло б ім дыхаць. Яны сцвярджалі далей, што існаванне магчыма толькі на месяцы — адзінай планеце, дзе ўжо даўным-даўно зарадзілася жыццё.

Але вернемся на Ўсходнюю вуліцу і паглядзім, што сталася з целам вартаўніка.

Безжыццёвае, яно па-ранейшаму сядзела на прыступках; кульбака з шыпамі на канцы — у нас яе празвалі б «ранішняй зоркай» — выпала з рук, а вочы ўтаропіліся на месяц, па якім цяпер падарожнічала душа вартаўніка.

— Гэй, вартаўнік, які час? — спытаў нейкі мінак; не дачакаўшыся адказу, ён пстрыкнуў вартаўніка па носе. Цела страціла раўнавагу і на ўсю даўжыню выцягнулася на ходніках.

Мінак вырашыў, што вартаўнік памёр, і жахнуўся, а мёртвы так і застаўся мёртвым. Аб гэтым паведамілі куды трэба, і раніцай цела адвезлі ў бальніцу.

Вось заварылася б каша, калі б душа вярнулася і, як і трэба чакаць, узялася шукаць сваё цела там, дзе рассталася з ім, гэта значыць, на Ўсходняй вуліцы. Выявіўшы прапажу, яна хутчэй за ўсё адразу ж кінулася б у паліцыю, у адрасны стол, адтуль у бюро па вышуку рэчаў, каб даць аб'яву аб прапажы ў газеце, і толькі ў апошнюю чаргу накіравалася б у бальніцу. Зрэшты, аб душы турбавацца няма чаго — калі яна дзейнічае самастойна, усё ідзе цудоўна, і толькі цела перашкаджае ёй і прымушае яе рабіць глупствы.

Дык вось, калі вартаўніка прывезлі ў бальніцу і ўнеслі ў трупярню, з яго першым чынам, канечне, знялі галёшы, і душы воляй-няволяй давялося перапыніць сваё падарожжа і вярнуцца ў цела. Яна адразу знайшла яго, і вартаўнік тут жа ажыў. Потым ён запэўніваў, што гэта была самая вар'яцкая ноч у яго жыцці. Ён нават за дзве маркі не згадзіўся б зноў перажыць такія жахі. Зрэшты, цяпер усё гэта ззаду.

Вартаўніка выпісалі ў той жа дзень, а галёшы засталіся ў бальніцы.

 

ІV. «Галаваломка». Дэкламацыя. Зусім незвычайнае падарожжа

Кожны жыхар Капенгагена шмат разоў бачыў галоўны ўваход у гарадскую Фрэдэрыксбергскую бальніцу, але паколькі гэтую гісторыю, магчыма, будуць чытаць не толькі капенгагенцы, нам давядзецца даць сякія-такія тлумачэнні.

Справа ў тым, што бальніцу аддзяляе ад вуліцы даволі высокая агароджа з тоўстых жалезных прутоў. Пруты гэтыя расстаўлены так рэдка, што многія практыканты, асабліва хударлявыя, дахітраюцца праціснуцца паміж імі, калі ў няўрочны час хочуць выбрацца ў горад. Цяжэй за ўсё ім прасунуць галаву, так што і ў гэтым выпадку, як, зрэшты, нярэдка бывае ў жыцці, вялікагаловым прыходзілася туга... Ну, для ўступу гэтага хопіць.

У той вечар у бальніцы якраз дзяжурыў адзін малады лекар, аб якім хоць і можна было сказаць, што «галава ў яго вялікая», але... толькі ў самым прамым сэнсе слова. Ішоў праліўны дождж; аднак, нягледзячы на непагадзь і дзяжурства, лекар усё-такі вырашыў збегаць у горад па нейкіх неадкладных справах, — хоць бы на чвэрць гадзінкі. «Няма чаго, — думаў ён, — звязвацца з брамнікам, калі можна пралезці скрозь пруты». У вестыбюлі ўсё яшчэ валяліся галёшы, забытыя вартаўніком. У такі лівень яны былі вельмі дарэчы, і лекар надзеў іх, не здагадваючыся, што гэта галёшы шчасця. Цяпер заставалася толькі праціснуцца паміж жалезнымі прутамі, чаго яму яшчэ ні разу не даводзілася рабіць.

— Божа, толькі б праціснуць галаву, — прамовіў ён.

І ў той жа момант галава яго, хаця і вельмі вялікая, удачна праскочыла паміж прутамі, — не без дапамогі галёшаў, зразумела.

Цяпер справа была за тулавам, але яму ніяк не ўдавалася пралезці.

— Ух, які я тоўсты! — скардзіўся студэнт. — А я дык думаў, што галаву прасунуць будзе цяжэй за ўсё. Не, не пралезці мне!

Ён хацеў адразу ж выцягнуць галаву назад, але не тут было: яна застрамілася безнадзейна, ён мог толькі круціць ёю колькі заўгодна і без усялякага толку. Спачатку лекар проста раззлаваўся, але хутка настрой у яго сапсаваўся дарэшты: галёшы паставілі яго прама-такі ў жахлівае становішча.

На няшчасце, ён ніяк не здагадваўся, што трэба пажадаць вызваліцца, і колькі ні круціў галавой, яна не пралазіла назад. Дождж усё ліў і ліў, і на вуліцы не было ні душы. Да званка, каб паклікаць дворніка, усё-адно нельга было дацягнуцца, а сам вызваліцца ён не мог. Ён баяўся, што, чаго добрага, давядзецца прастаяць так да раніцы, бо толькі раніцай можна будзе паслаць па каваля, каб ён перапілаваў агароджу. І наўрад ці ўдасца перапілаваць яе хутка, а на шум збягуцца школьнікі, усе навакольныя жыхары, — так, так, збягуцца і будуць дзівіцца на лекара, які скурчыўся, як злачынца каля ганебнага слупа; дзівіцца, як у мінулым годзе на велізарную агаву, калі яна расцвіла.

— Ой, кроў так і прылівае да галавы. Не, я так з розуму звіхнуся! Так, так звіхнуся з розуму! Ох, толькі б мне вызваліцца!

Даўно ўжо трэба было лекару сказаць гэта: у тую ж хвіліну галава яго свабодна прайшла паміж прутамі, і ён стрымгалоў кінуўся назад, зусім звар'яцеўшы ад страху, у які яго ўвагналі галёшы шчасця.

Але калі вы думаеце, што гэтым справа і скончылася, то глыбока памыляецеся. Не, самае горшае яшчэ наперадзе.

Прайшла ноч, надышоў новы дзень, а па галёшы ўсё ніхто не з'яўляўся.

Вечарам у маленькім тэатры, размешчаным на вуліцы Канніке, давалі прадстаўленне. Глядзельная зала была поўная. У ліку іншых артыстаў адзін чытальнік прадэкламаваў верш пад назвай «Бабуліны акуляры»:

 

Быў у маёй бабулі дзіўны дар,

Якому пазайздросціў бы вядзьмар.

Бо ёй вядома ўсё і нават болей:

Магла ісці праз час уласнай воляй,

Магла пранікнуць у вякі паглядам,

Ды не канчаліся яе расказы ладам.

«Якія нам, — пытаю, як і ўсе, —

Наступны год падзеі прынясе?

Што мае быць у нашым гаспадарстве?»

Але бабуля, спрытная ў каварстве,

Маўчыць упарта і ў адказ ні слова.

І часам пасварыцца на мяне гатова.

Ды як ёй выстаяць? І тут жа гнеў астыў,

Бо я ў яе любімцам быў. «Хай будзе так, як просіш, — і свае

Бабуля акуляры мне дае. —

Цяпер, нябожа, паспяшы туды,

Дзе просты люд збіраецца заўжды.

Бліжэй да іх, як можаш, падыдзі,

На гурт праз акуляры паглядзі.

Калодай картаў раптам стануць людзі.

Па картах зразумееш, што было, што будзе?»

 

І я пайшоў, сказаўшы «дзякуй» згодна.

Ды дзе знайсці натоўп? На плошчы, верагодна.

На плошчы? Не люблю, аднак, я сцюжы.

На вуліцы? Там гразь, слата і лужы.

А што, як у тэатры? Там, па-мойму,

Шумлівую я напаткаю плойму.

І вось я тут. Аракулам каб стаць,

Патрэбна акуляры мне дастаць.

А вы сядзіце ціха, без нуды,

Бо кожны ляжа ў карты, і тады

Вам будзе відна ў далечы таемнай.

Маўчанне — знак уцямнасці ўзаемнай.

Я распытаю зараз лёс і не дарэмна —

З карысцю для сябе, з карысцю для народа.

Дык вось! Што скажа картаў нам калода?

(Надзявае акуляры)

 

Якую бачу я пацеху!

Вы, праўда ж, лопнулі б ад смеху,

Калі б зірнулі на тузоў бубновых,

На гордых дам і каралёў суровых!

Тут пікі, трэфы чорныя, як сажа,

Ды карта кожная што-небудзь нам раскажа.

Вось дама пік, аблашчаная светам,

А закахалася ў бубновага валета.

Аднак што ж болей карты прадракаюць?

Для дома многа грошай абяцаюць

І госця з чужаземнай стараны,

А зрэшты, не патрэбны нам яны.

Размову пажадалі б вы пачаць

З саслоўяў? Лепей памаўчаць!

Параду дам, які ж у ёй сакрэт:

Вы хлеб не адбівалі б у газет.

Ці аб тэатры? Сварцы закуліснай?

Ну, не! З дырэкцыяй жыву бескампрамісна.

Аб заўтрашнім быцці? Ды вось якая справа:

Благое ведаць надта не цікава.

Я знаю ўсё, але карысці мала,

Пакуль часіна ведаў не настала!

Што, што? Хто шчаслівейшы паміж вас?

Ага! Шчасліўца вылучыць сам час...

Яго па ўсмешцы лёгка падлавіць,

Але прыйшлося б іншых засмуціць!

Хто болей пражыве? Ах, ён? Цудоўна!

Ды гаварыць пра гэта не тактоўна.

Сказаць? Сказаць? Сказаць ці не?

Не, не скажу — адказ такі ў мяне!

Баюся, што магу зняважыць вас,

Лепш думкі вашы прачытаю ў гэты час,

Сабраўшы чарадзейных сіл запас.

Жадаеце вы знаць? Ды хопіць, пэўна, кпін:

Здаецца вам, што я для вас адзін

Мялю лухту з якіх ужо часін.

Цяпер маўчу, і прыйдзе апраўданне,

Цяпер хачу ўчуць ваша меркаванне.

Дэкламаваў чытальнік цудоўна, у зале загрымелі воплескі.

Сярод публікі знаходзіўся і наш злашчасны лекар. Ён, здавалася, ужо забыў свае смешныя прыгоды, перажытыя мінулай ноччу. Выпраўляючыся ў тэатр, ён зноў надзеў галёшы — іх пакуль яшчэ ніхто не запатрабаваў, а на вуліцы была слата, так што яны маглі саслужыць яму добрую службу. І саслужылі!

Верш зрабіў вялікае ўражанне на нашага лекара. Яму вельмі спадабалася ідэя, і ён падумаў, што добра было б здабыць такія акуляры. Крыху патрэніраваўшыся, можна было б навучыцца чытаць у сэрцах людзей, а гэта намнога цікавей, чым заглядваць у будучы год, — ён жа ўсё-адно надыдзе рана ці позна, а вось у душу да чалавека інакш не заглянеш.

«Узяць бы, скажам, гледачоў першага рада, — думаў лекар, — і паглядзець, што робіцца ў іх на сэрцы, — павінен жа быць туды ўваход, накшталт як у краму. Чаго б я там не наглядзеўся, трэба меркаваць! У гэтай вось дамы ў сэрцы, напэўна, змяшчаецца цэлая галантарэйная крама. А ў гэтай яна ўжо апусцела, толькі варта б яе як належыць памыць ды пачысціць. Але можна набрысці і на салідныя крамы. «Ах, — уздыхнуў лекар, — ведаю я такую краму, аднак, на жаль, прыказчык для яе ўжо знайшоўся, і гэта адзіны яе недахоп. А ў многія іншыя, напэўна, заклікалі б: «Заходзьце, калі ласка, да нас, міласці просім!» Але ж, вось бы зайсці туды ў выглядзе дробненькай думкі, прагуляцца б па сэрцах!»

Сказана — зроблена! Толькі пажадай — вось усё, што трэба галёшам шчасця. Лекар раптам увесь неяк змізарнеў, стаў зусім малюсенькім і пачаў сваё незвычайнае падарожжа па сэрцах гледачоў першага рада.

Першае сэрца, у якое ён трапіў, належала адной даме, але бедачына лекар спачатку падумаў, што апынуўся ў артапедычным інстытуце, дзе лекары лечаць хворых, выдаляючы розныя пухліны і выпраўляючы калецтвы. У пакоі, куды зайшоў наш лекар, былі развешаны шматлікія гіпсавыя злепкі з гэтых выродлівых частак цела. Уся розніца толькі ў тым, што ў сапраўдным інстытуце злепкі здымаюцца, як толькі хворы туды паступае, а ў гэтым сэрцы яны вырабляліся тады, калі з яго выпісваўся здаровы чалавек.

Сярод іншых у сэрцы гэтай дамы захоўваліся злепкі, знятыя з фізічных і маральных выродстваў і ўсіх яе сябровак.

Лекар хутка перавандраваў у другое жаночае сэрца, — і на гэты раз яму здалося, што ён уступіў у светлы прасторны храм. Над алтаром лунаў белы голуб — увасабленне цнатлівасці. Лекар хацеў было схіліць калені, але яму трэба было спяшацца далей, у наступнае сэрца, і толькі ў вушах яго яшчэ доўга гучала музыка аргана. Ён нават адчуў, што стаў яшчэ лепшы і чысцейшы, чым быў раней, і варты цяпер увайсці ў наступнае свяцілішча, якое аказалася беднай каморкай, дзе ляжала хворая маці. Але ў адчыненыя насцеж вокны ліліся цёплыя сонечныя промні, дзівосныя ружы, што расцвілі ў скрыначцы пад акном, хіталі галоўкамі, ківаючы хворай, дзве нябесна-блакітныя птушачкі спявалі песеньку аб дзіцячых радасцях, а хворая маці прасіла шчасця для сваёй дачкі.

Потым наш лекар на карачках перапоўз у мясную краму; яна была завалена мясам, — і куды б ён ні памкнуўся, усюды натыкаўся на тушы. Гэта было сэрца аднаго багатага, вельмі паважанага чалавека, — яго імя, напэўна, можна знайсці ў гарадскім даведніку.

Адтуль лекар перавандраваў у сэрца яго жонкі. Яно ўяўляла сабой старую, амаль разбураную галубятню. Партрэт мужа быў узняты ў ёй замест флюгера; да яе былі таксама прымацаваны ўваходныя дзверы, якія то адчыняліся, то зачыняліся — у залежнасці ад таго, куды паварочваўся муж.

Потым лекар трапіў у пакой з люстранымі сценамі, такі ж, як у палацы Розенборг, але тут люстэркі былі павелічальнымі, яны ўсё павялічвалі ў многа разоў. Пасярод пакоя ўзвышалася на троне маленькае «я» ўладальніка гэтага сэрца і захаплялася сваёй уласнай веліччу.

Адтуль лекар перабраўся ў другое сэрца, і яму падалося, што ён трапіў у вузкі ігольнік, набіты вострымі іголкамі. Ён было вырашыў, што гэта сэрца якой-небудзь старой дзевы, але памыліўся: яно належала ўзнагароджанаму мноствам ордэнаў маладому вайскоўцу, аб якім гаварылі, што ён «чалавек з сэрцам і розумам».

Нарэшце бедны лекар выбраўся з апошняга сэрца і, зусім ашалеўшы, яшчэ доўга ніяк не мог сабрацца з думкамі. Ва ўсім ён вінаваціў сваю буйную фантазію.

«Бог ведае што такое! — уздыхнуў ён. — Не, я пэўна сходжу з розуму. І якая дзікая тут гарачыня! Кроў так і прылівае да галавы. — Тут ён успомніў аб сваіх учарашніх прыгодах каля бальнічнай агароджы. — Вось калі я захварэў! — падумаў ён. — Патрэбна своечасова ўзяцца за лячэнне. Кажуць, што ў такіх выпадках больш за ўсё карыснейшая руская лазня. Ах, калі б я ўжо ляжаў на палку».

І ён сапраўды апынуўся ў лазні на самым верхнім палку. Але ляжаў там зусім апрануты, у ботах і галёшах, а са столі на твар яму капала гарачая вада.

— Ой! — закрычаў лекар і пабег хутчэй прыняць душ.

Лазеншчык таксама закрычаў: ён спалохаўся, убачыўшы ў лазні апранутага чалавека.

Наш лекар, не разгубіўшыся, шапнуў яму:

— Не бойся, гэта я на спрэчку, — але, вярнуўшыся дахаты, першым чынам паставіў сабе адзін вялікі пластыр са шпанскіх мушак на шыю, а другі на спіну, каб выцягнуць дурноту з галавы.

Нараніцу ўся спіна ў яго набракла крывёю — вось і ўсё, чым яго аддзячылі галёшы шчасця.

 

V. Ператварэнне паліцэйскага пісара

Наш знаёмы вартаўнік між тым успомніў пра галёшы, якія знайшоў на вуліцы, а пасля пакінуў у бальніцы, і забраў іх адтуль.

Але ні лейтэнант, ні суседзі не прызнавалі гэтых галёшаў сваімі, і вартаўнік занёс іх у паліцыю.

— Ды яны як дзве кроплі вады падобныя на мае — сказаў адзін з паліцэйскіх пісараў, паставіўшы знаходку побач са сваімі галёшамі і ўважліва яе разглядаючы. — Тут і вопытнае вока шаўца не адрозніла б адну пару ад другой.

— Пан пісар, — звярнуўся да яго паліцэйскі, які зайшоў з нейкімі паперамі.

Пісар паразмаўляў з ім, а калі зноў зірнуў на абедзве пары галёшаў, то ўжо і сам перастаў разумець, якая з іх яго пара — тая, што стаіць справа, ці тая, што злева.

«Мае, напэўна, вось гэтыя, мокрыя», — падумаў ён і памыліўся: гэта былі якраз галёшы шчасця. Што ж, паліцыя іншы раз таксама памыляецца.

Пісар надзеў галёшы і, сунуўшы паперы ў кішэню, а другія — пад паху (яму трэба было сёе-тое перачытаць і перапісаць дома), выйшаў на вуліцу. Дзень быў нядзельны, стаяла цудоўнае надвор'е, і паліцэйскі пісар падумаў, што нядрэнна было б прагуляцца па Фрэдэрыксбергу.

Малады чалавек вызначаўся рэдкім стараннем і ўседлівасцю, так што пажадаем яму прыемнай прагулкі пасля многіх гадзін працы ў душнай канцылярыі.

Спачатку ён ішоў, ні аб чым не думаючы, і галёшам таму ўсё не выпадала зручнага моманту праявіць сваю цудадзейную сілу.

Але вось ён сустрэў у адной алеі свайго знаёмага, маладога паэта, і той сказаў, што заўтра выпраўляецца падарожнічаць на ўсё лета.

— Эх, вось вы зноў едзеце, а мы застаемся, — сказаў пісар. — Шчаслівыя вы людзі, лятаеце сабе, дзе хочаце і куды хочаце, а ў нас ланцугі на нагах.

— Так, але імі вы прыкаваны да хлебнага дрэва, — запярэчыў паэт. — Вам няма патрэбы клапаціцца аб заўтрашнім дні, а калі вы састарыцеся, атрымаеце пенсію.

— Так-то так, але вам усё-такі жывецца намнога раздольней, — сказаў пісар. — Пісаць вершы — што можа быць лепш! Публіка носіць вас на руках, і вы самі сабе гаспадары. Вось паспрабавалі б вы пасядзець у судзе, як мы сядзім, ды павалтузіцца з гэтымі сумнейшымі справамі!

Паэт пахітаў галавой, пісар таксама пахітаў галавой, і яны разышліся ў розныя бакі, застаўшыся кожны пры сваім меркаванні.

«Дзіўны народ гэтыя паэты, — думаў малады чыноўнік. — Хацелася б бліжэй пазнаёміцца з такімі натурамі, як ён, і самому стаць паэтам. Каб я быў на іх месцы, я ў сваіх вершах не стаў бы хныкаць. Ах, які сёння дзівосны вясенні дзень, колькі ў ім прыгажосці, свежасці, паэзіі! Якое незвычайна празрыстае паветра! Якія мудрагелістыя воблакі! А трава і лісце так саладжава пахнуць! Даўно я ўжо так востра не адчуваў гэтага, як зараз».

Вы, канечне, заўважылі, што ён ужо стаў паэтам. Але знешне зусім не змяніўся, — неразумна думаць, што паэт не такі ж чалавек, як усе іншыя. Сярод простых людзей часта сустракаюцца натуры больш паэтычныя, чым многія праслаўленыя паэты. Толькі ў паэтаў намнога лепш развіта памяць, і ўсе ідэі, вобразы, уражанні захоўваюцца ў ёй да таго часу, пакуль не знойдуць свайго паэтычнага ўвасаблення на паперы. Калі просты чалавек становіцца паэтычна адоранай натурай, адбываецца свайго роду ператварэнне, — і такое іменна ператварэнне адбылося з пісарам.

«Якія дзіўныя прыемныя пахі! — думаў ён. — Яны нагадваюць мне фіялкі ў цётачкі Лоны. Так, я тады быў яшчэ зусім маленькі. Божа, як гэта я ні разу не ўспомніў аб ёй раней! Добрая старая цётачка! Яна жыла якраз за Біржай. Заўсёды, нават у самую лютую сцюжу, на вокнах у яе зелянелі ў слоіках якія-небудзь галінкі ці парасткі, фіялкі напаўнялі пакой водарам; а я прыкладваў нагрэтыя медзякі да заледзянелых шыб, каб можна было глядзець на вуліцу. Які від адкрываўся з гэтых вокан! На канале стаялі ўмёрзлыя ў лёд караблі, велізарныя чароды варон складалі ўвесь іх экіпаж. Аднак з надыходам вясны судны перайначваліся. З песнямі і крыкамі «ўра» матросы сколвалі лёд; караблі смалілі, аснашчалі ўсім неабходным, і яны нарэшце адплывалі ў заморскія краіны. Яны адплываюць, а я вось застаюся тут; і так будзе заўсёды; заўсёды я буду сядзець ў паліцэйскай канцылярыі і глядзець, як іншыя атрымліваюць замежныя пашпарты. Але, такі мой лёс! — І ён глыбока-глыбока ўздыхнуў, затым раптам апамятаўся: — Што ж гэта са мной такое робіцца сёння? Раней мне нічога падобнага і ў галаву не прыходзіла. Пэўна, гэта веснавое паветра так на мяне дзейнічае. А сэрца сціскаецца ад нейкага саладжавага хвалявання».

Ён палез у кішэню па свае паперы. «Вазьмуся за іх, буду думаць аб чым-небудзь іншым», — вырашыў ён і прабег вачыма першы ліст, што трапіўся пад руку. «Фру Зігбрыт», арыгінальная трагедыя ў пяці дзеях», — прачытаў ён. — Што такое? Дзіўна, почырк мой! Няўжо гэта я напісаў трагедыю? А гэта яшчэ што? «Інтрыга на балі, альбо Вялікае свята; вадэвіль». Але адкуль гэта ўсё ў мяне? Напэўна, хто-небудзь падсунуў. Ды тут яшчэ пісьмо...»

Пісьмо прыслала дырэкцыя аднаго тэатра; яна не вельмі ветліва паведамляла аўтару, што абедзве яго п'есы нічога не варты.

— Гм, — выціснуў пісар, прысаджваючыся на лаўку.

У галаве яго раптам закруцілася мноства думак, а сэрца напоўнілася невытлумачальнай пяшчотай... да чаго — ён і сам не ведаў. Машынальна ён сарваў кветку і залюбаваўся ёю. Гэта была простая маленькая маргарытка, але яна на працягу адной хвіліны паведаміла яму аб сабе больш, чым можна даведацца, выслухаўшы некалькі лекцый па батаніцы. Яна расказала яму паданне аб сваім нараджэнні, расказала аб тым, якое магутнае сонечнае святло, — гэта ж дзякуючы яму распусціліся і пачалі дзіўна пахнуць яе пяшчотныя пялёсткі. А паэт у гэты час думаў аб суровай жыццёвай барацьбе, якая абуджае ў чалавеку яшчэ невядомыя яму сілы і пачуцці. А паветра і святло — улюбёнцы маргарыткі, але святло — яе галоўны заступнік, перад ім яна схіляецца з трапятаннем; а калі яно адыходзіць врчарам, яна засынае ў абдымках паветра.

— Святло адарыла мяне прыгажосцю, — сказала маргарытка.

— А паветра дае табе жыццё! — шапнуў ёй паэт.

Непадалёку стаяў хлапчук і ляпаў кіем па вадзе ў бруднай канаўцы — пырскі разляталіся ў розныя бакі. І пісар задумаўся раптам аб тых мільёнах жывых, нябачных простым вокам істот, якія ўзлятаюць разам з вадзянымі кроплямі на велізарную, у параўнанні з іх уласнымі памерамі, вышыню, — вось як калі б мы, напрыклад, апынуліся над воблакамі. Думаючы аб гэтым, а таксама аб сваім ператварэнні, наш пісар усміхнуўся: «Я проста сплю і бачу сон. Але які гэта ўсё-такі неверагодны сон! Аказваецца, можна трызніць наяву, усведамляючы, што гэта табе толькі сніцца. Добра б успомніць аб усім гэтым заўтра раніцай, калі я прачнуся. Які дзіўны стан! Зараз я ўсё бачу так выразна, так ясна, адчуваю сябе такім бадзёрым і дужым — і ў той жа час добра ведаю, што раніцай паспрабую што-небудзь прыпомніць, у галаву мне палезе толькі дурнота. Колькі разоў гэта бывала са мной! Усе гэтыя дзівосныя рэчы падобныя на золата гномаў: ноччу, калі яго атрымліваеш, яно блішчыць і зіхаціць, а днём ператвараецца ў кучу друзу і завялых лісцяў».

Дарэшты засмучаны, пісар сумна ўздыхаў, паглядаючы на птушак, якія весела спявалі свае песенькі, пералятаючы з галінкі на галінку.

«І ім жывецца лепш, чым мне. Умець лятаць — якая дзівосная здольнасць! Шчаслівы той, хто ёю адораны. Калі б я толькі мог ператварыцца ў птушачку, я б стаў вось такім маленькім жаўранкам!»

І ў тую ж хвіліну рукавы і фалды яго сурдута ператварыліся ў крылы і абраслі пер'ем, а замест галёшаў з'явіліся кіпцюрыкі. Ён адразу заўважыў усе гэтыя ператварэнні і ўсміхнуўся. «Ну, цяпер я бачу, што гэта сон. Але такіх вар'яцкіх сноў мне яшчэ не даводзілася бачыць», — падумаў ён, узляцеў на зялёную галінку і заспяваў.

Аднак у яго спевах ужо не было паэзіі, паколькі ён перастаў быць паэтам: галёшы, як і ўсе, хто хоча чаго-небудзь дабіцца, выконвалі толькі адну справу за раз. Захацеў пісар стаць паэтам — стаў, захацеў ператварыцца ў птушачку — ператварыўся, але затое страціў свае ранейшыя ўласцівасці.

«Цікава: няма чаго сказаць! — падумаў ён. — Днём я сяджу ў паліцэйскай канцылярыі, займаючыся важнейшымі справамі, а ноччу мне сніцца, што я жаўранкам лятаю па Фрыдэрыксбергскаму парку. Ды аб гэтым, чорт вазьмі, можна напісаць цэлую народную камедыю!»

І ён зляцеў на траву, закруціў галоўкай і пачаў весела дзяўбці гнуткія травінкі, якія здаваліся яму цяпер велізарнымі афрыканскімі пальмамі.

Раптоўна вакол яго стала цёмна, як ноччу; яму здалося, быццам на яго накінулі нейкую гіганцкую коўдру! На самой жа справе гэта хлопчык са слабодкі накрыў яго сваёй шапкай. Хлопчык запусціў руку пад шапку і схапіў пісара за спінку і крыллі; той спачатку закрычаў ад страху, потым раптам абурыўся:

— Ах ты, нягоднае шчаня! Як ты смееш! Я паліцэйскі пісар!

Але хлапчук пачуў толькі жаласлівае «Пі-і, пі-і-і». Ён пстрыкнуў птушку па дзюбе і пайшоў з ёю далей.

Па дарозе ён сустрэў двух школьнікаў; абодва яны былі ў вышэйшым класе — па сваім становішчы ў грамадстве, і ў ніжэйшым — па разумовым развіцці і поспехах у навуках. Яны купілі жаўранка за восем скілінгаў. Такім чынам паліцэйскі пісар вярнуўся ў горад і апынуўся ў адной кватэры на Гоцкай вуліцы.

— Чорт пабяры, добра, што гэта сон, — сказаў пісар, — а не дык я здорава б раззлаваўся! Спачатку я стаў паэтам, потым — жаўранкам. І гэта ж мая паэтычная натура ўнушыла мне жаданне ператварыцца ў такую драбязу. Аднак невясёлае гэта жыццё, асабліва калі трапіш у лапы падобным свавольнікам. Хацеў бы я даведацца, чым усё гэта скончыцца?

Хлапчукі прынеслі яго ў прыгожа абстаўлены пакой, дзе іх сустрэла тоўстая ўсмешлівая жанчына. Яна нічуць не зарадавалася «простай палявой птушцы», як яна назвала жаўранка, тым не менш дазволіла хлапчукам пакінуць яго і пасадзіць у клетку на падаконніку.

— Быць можа, ён трошкі павесяліць папугайчыка! — дадала яна і з усмешкай зірнула на вялікага зялёнага папугая, які важна пагойдваўся на кольцы ў шыкоўнай металічнай клетцы. — Сёння ў папугайчыка дзень нараджэння, — сказала яна, дурнавата ўсміхаючыся, — і палявая птушка хоча яго павіншаваць.

Папугай, нічога на гэта не адказаўшы, усё гэтак жа важна разгойдваўся ўзад і ўперад. У гэты час гучна заспявала прыгожая канарэйка, якую сюды прывезлі мінулым летам з цёплай і квітучай роднай краіны.

— Бач ты, крыкуха! — сказала гаспадыня і накінула на клетку белую насавую хустачку.

— Пі-пі! Якая жахлівая мяцеліца! — уздыхнула канарэйка і змоўкла.

Пісара, якога гаспадыня называла «палявой птушкай», пасадзілі ў маленькую клетку, побач з клеткай канарэйкі і па суседстве з папугаем. Папугай мог ясна вымаўляць толькі адну фразу, якая нярэдка гучала вельмі камічна: «Не, будзем людзьмі!», а ўсё астатняе атрымлівалася ў яго гэтак жа незразумела, як шчэбет канарэйкі. Зрэшты, пісар, ператварыўшыся ў птушку, выдатна разумеў сваіх новых знаёмых.

— Я лётала над зялёнай пальмай і квітучым міндальным дрэвам, — спявала канарэйка, — разам з братамі і сёстрамі я лётала над дзівоснымі кветкамі і люстранай гладдзю азёр, і нам прыветліва ківалі адлюстраванні прыбярэжных раслін. Я бачыла чароды прыгожых папугаяў, якія расказвалі мноства дзівоснейшых гісторый.

— Гэта дзікія птушкі, — адклікнуўся папугай. — Яны не атрымалі ніякай адукацыі. Не, будзем людзьмі! Што ж ты не смяешся, неразумная птушка? Калі гэтаму досціпу смяецца і сама гаспадыня, і яе госці, дык чаму ж не пасмяяцца і табе? Не цаніць вясёлых досціпаў — гэта вельмі вялікі грэх, павінен вам сказаць. Не, будзем людзьмі!

— А ты помніш прыгожых дзяўчат, што скакалі пад шатамі квітучых дрэў? Помніш салодкія плады і халодны сок дзікіх раслін?

— Канечне, помню, — адказваў папугай, — але тут мне намнога лепш! Мяне цудоўна кормяць і ўсяляк весяляць. Я ведаю, што я разумны, і з мяне дастаткова. Не, будзем людзьмі! У цябе, што называецца, паэтычная натура, а я дасведчаны ў навуках і дасціпны. У табе ёсць гэтая самая геніяльнасць, але не хапае разважлівасці. Ты імкнешся занадта высока, таму людзі цябе асаджваюць. Са мной яны так паступаць не будуць, таму што я абышоўся ім дорага. Я ўнушаю павагу ўжо адной сваёй дзюбай, а балбатнёю сваёй магу каго заўгодна паставіць на месца. Не, будзем людзьмі!

— О, мая цёплая, квітучая радзіма, — спявала канарэйка, — я буду спяваць аб тваіх цёмна-зялёных дрэвах, чые галіны цалуюць празрыстыя воды ціхіх заліваў, аб светлай радасці маіх братоў і сясцёр, аб вечназялёных захавальніках вільгаці ў пустыні — кактусах.

— Перастань хныкаць! — прамовіў папугай. — Скажы лепш што-небудзь смешнае. Смех — гэта знак вышэйшай ступені духоўнага развіцця. Вось хіба могуць, да прыкладу, смяяцца сабака альбо конь? Не, яны могуць плакаць, а здольнасцю смяяцца адораны толькі чалавек. Ха-ха-ха! — разрагатаўся папугай і канчаткова збянтэжыў субяседнікаў сваім «Не, будзем людзьмі!»

— І ты, маленькая шэрая дацкая птушачка, — сказала канарэйка жаўранку, — ты таксама стала палонніцай. У тваіх лясах, напэўна, холадна, але затое ты ў іх вольная. Ляці ж адсюль! Глядзі, яны забылі зачыніць тваю клетку. Фортачка адчынена, ляці ж — хутчэй, хутчэй.

Пісар так і зрабіў, вылецеў з клеткі і ўсеўся каля яе. У гэты міг дзверы ў суседні пакой адчыніліся і на парозе з'явілася кошка, гібкая, страшная, з зялёнымі злоснымі вачыма. Кошка ўжо зусім было падрыхтавалася да скачка, але канарэйка замітусілася ў клетцы, а папугай заляпаў крыламі і закрычаў: «Не, будзем людзьмі!» Пісар пахаладзеў ад жаху і, вылецеўшы ў акно, паляцеў над дамамі і вуліцамі. Ляцеў, ляцеў, нарэшце стаміўся, — і вось убачыў дом, які здаўся яму знаёмым. Адно акно ў доме было адчынена. Пісар уляцеў у пакой і прысеў на стол. Да свайго здзіўлення, ён убачыў, што гэта яго ўласны пакой.

«Не, будзем людзьмі!» — машынальна паўтарыў ён любімую фразу папугая і ў тую ж хвіліну зноў стаў паліцэйскім пісарам, які невядома чаму ўсеўся на стол.

«Божа, злітуйся, — сказаў пісар, — як гэта я трапіў на стол, ды яшчэ заснуў? І які дзікі сон мне прысніўся? Якая дурнота!»

 

VІ. Лепшае, што зрабілі галёшы

На другі дзень, раным рана, калі пісар ляжаў яшчэ ў пасцелі, у дзверы пастукалі, і зайшоў яго сусед, які здымаў пакой на тым жа паверсе, — малады студэнт-багаслоў.

— Пазыч мне, калі ласка, свае галёшы, — сказаў ён. — Хоць у садзе і сыра, ды вельмі ўжо ярка свеціць сонейка. Хачу туды пайсці выпаліць люлечку.

Ён надзеў галёшы і выйшаў у сад, у якім раслі толькі два дрэвы — сліва і груша; зрэшты, нават такая бедная расліннасць у Капенгагене вялікая рэдкасць.

Студэнт праходжваўся ўзад і ўперад па дарожцы. Час быў ранні, усяго шэсць гадзін раніцы. На вуліцы зайграў ражок паштовага дыліжанса.

— О, падарожнічаць, падарожнічаць! — вырвалася ў яго. — Што можа быць лепш! Гэта мяжа ўсіх маіх летуценняў. Калі б яны ажыццявіліся, я б тады, напэўна, уціхамірыўся і перастаў бы мітусіцца. Як хочацца паехаць чым далей адсюль, убачыць чароўную Швейцарыю, паездзіць па Італіі!

Добра яшчэ, што галёшы шчасця выконвалі жаданні адразу, а то б студэнт, бадай, забраўся б занадта далёка і для сябе самога, і для нас з вамі. У той жа міг ён ужо вандраваў па Швейцарыі, запхнуты ў паштовы дыліжанс разам з васьмярыма іншымі пасажырамі. Галава ў яго трашчала, шыю ламала, ногі зацяклі і балелі, таму што боты ціснулі неміласэрна. Ён не спаў і не драмаў, але быў у стане нейкага пакутлівага здранцвення. У правай кішэні ў яго ляжаў акрэдытыў, у левай — пашпарт, а ў скураным мяшочку на грудзях было зашыта некалькі залатых. Варта нашаму падарожніку дзюбнуць носам, як яму тут жа пачынала здавацца, што ён ужо згубіў які-небудзь з гэтых сваіх скарбаў, і тады яго кідала ў дрыжыкі, а рука яго сутаргава апісвала трохкутнік — справа налева і на грудзі, — каб праверыць, ці ўсё цэлае. У сетцы над галовамі пасажыраў хісталіся парасоны, кульбакі, капелюшы, і ўсё гэта перашкаджала студэнту любавацца цудоўным горным пейзажам. Але ён усё глядзеў, глядзеў і не мог наглядзецца, а ў сэрцы яго гучалі радкі верша, які напісаў, хаця і не стаў друкаваць, адзін вядомы нам швейцарскі паэт:

 

Цудоўны край у дні вясны!

Манблан бялеецца ўбаку.

Тут, праўда, быў бы рай зямны,

Каб грошай больш у кашальку.

Прырода тут была змрочная, суровая і велічная. Хваёвыя лясы, якія пакрывалі завоблачныя горныя вяршыні, здалёку здаваліся проста зараснікамі верасу. Пайшоў снег, падзьмуў рэзкі халодны вецер.

— Ух! — уздыхнуў студэнт. — Калі б мы ўжо былі па той бок Альпаў! Там цяпер надышло лета, і я нарэшце атрымаў бы па акрэдытыву свае грошы. Я так за іх баюся, што ўсё гэтае альпійскае хараство перастала мяне вабіць. Ах, калі б я ўжо быў там!

І ён тут жа апынуўся ў самым сэрцы Італіі, дзесьці на дарозе паміж Фларэнцыяй і Рымам. Апошнія промні сонца асвятлялі Тразіменскае возера, што ляжала паміж двума цёмна-сінімі пагоркамі, ператвараючы яго воды ў расплаўленае золата. Там, дзе калісьці Ганібал разбіў Фламінія, цяпер вінаградныя лозы мірна абвівалі адна адну сваімі зялёнымі пляцёнкамі. Ля дарогі, пад шатамі пахучых лаўраў, цудоўныя напаўголыя дзеткі пасвілі статак чорных як смоль свіней. Так, калі б апісаць гэтую карціну, як трэба, усе б толькі і сцвярджалі: «Ах, цудоўнейшая Італія!» Але, як ні дзіўна, ні багаслоў, ні яго спадарожнікі гэтага не думалі. Тысячы ядавітых мух і камароў хмарамі насіліся ў паветры; дарэмна падарожнікі адмахваліся міртавымі галінкамі, насякомыя ўсё-адно кусалі і джалілі іх. У карэце не было чалавека, у якога не распух бы ўвесь твар, пакусаны да крыві. У коней быў яшчэ больш няшчасны выгляд: бедных жывёл спрэс абляпілі велізарныя раі насякомых, так што фурман час ад часу злазіў з козлаў і адганяў ад коней іх мучыцеляў, але ўжо праз імгненне наляталі новыя полчышчы. Хутка зайшло сонца, і падарожнікаў ахапіў пранізваючы холад — праўда, ненадоўга, але ўсё роўна гэта было не надта прыемна. Затое вяршыні гор і воблакі афарбаваліся ў неперадавальна прыгожыя зялёныя таны, якія адлівалі бляскам апошніх сонечных промняў. Гэтая гульня фарбаў не паддаецца апісанню, яе трэба бачыць. Відовішча дзівоснае, усе з гэтым згадзіліся, але ў страўніку ў кожнага было пуста, цела стамілася, душа хацела прытулку на ноч, а дзе яго знайсці? Цяпер усе гэтыя пытанні цікавілі падарожнікаў намнога больш, чым прыгажосць прыроды.

Дарога ляжала праз аліўкавы гай, і здавалася, што едзеш дзе-небудзь на радзіме, паміж роднымі вузлаватымі вербамі. Хутка карэта спынілася каля адзінокай гасцініцы. Ля варот яе сядзела мноства жабракоў-калек, і самы бадзёры з іх здаваўся «дасягнуўшым сталасці старэйшым сынам голаду». Адны калекі былі сляпыя; у другіх высахлі ногі — гэтыя поўзалі на руках; у трэціх на знявечаных руках не было пальцаў. Быццам сама галеча цягнулася да падарожнікаў з гэтай кучы рыззя і лахманоў. «Ессеlenza, mіserabili!» (Пан, дапамажы няшчасным! (іт.)) — хрыпелі яны, паказваючы свае выродлівыя канечнасці.

Падарожнікаў сустрэла гаспадыня гасцініцы, босая, непрычасаная, у бруднай кофце. Дзверы ў пакоях трымаліся на вяроўках, пад столлю пырхалі кажаны, цагляная падлога была ўся на вышчэрблінах, а смурод стаяў такі, што хоць сякеру вешай...

— Лепш ужо няхай яна накрые нам стол у стайні, — сказаў нехта з падарожнікаў. — Там, прынамсі, ведаеш, чым дыхаеш.

Адчынілі акно, каб напусціць свежага паветра, але тут у пакой працягнуліся высахлыя рукі і пачулася адвечнае ныццё: «Ессеlenza, mіserabili!».

Сцены пакоя былі спрэс спісаны, і палова надпісаў брудна лаяла «цудоўную Італію».

Прынеслі абед: вадзяністы суп з перцам і прагорклым аліўкавым алеем, пасля прыпраўленую такім жа алеем салату і, нарэшце, нясвежыя яйцы і смажаныя пеўневыя грабеньчыкі — у якасці ўпрыгожання банкету; нават віно здавалася не віном, а нейкай мікстурай.

На ноч дзверы забарыкадзіравалі чамаданамі, і аднаму падарожніку даручылі стаяць на варце, а астатнія заснулі. Вартавым аказаўся студэнт-багаслоў. Ну і духата была ў пакоі! Гарачыня нясцерпная, камары, — а тут яшчэ «mіserabili», якія стагналі ў сне, перашкаджаючы заснуць.

— Так, падарожнічаць, канечне, было б нядрэнна, — уздыхнуў студэнт, — каб не было ў нас цела. Няхай бы яно ляжала сабе ды адпачывала, а дух лятаў бы, дзе яму заўгодна. А то, куды б я ні прыехаў, усюды журба смокча мне сэрца. Хацелася б чагосьці большага, чым імгненная радасць быцця. Так, так, большага, вышэйшага, найвышэйшага! Але дзе яно? У чым? Што гэта такое? Не, я ўжо ведаю, да чаго імкнуся, чаго хачу. Я хачу прыйсці да канечнай і шчаслівейшай мэты зямнога быцця, самай шчаслівай з усіх.

Толькі ён вымавіў апошнія словы, як апынуўся ў сябе дома. На вокнах віселі доўгія белыя фіранкі, пасярод пакоя на падлозе стаяла чорная труна, а ў ёй смяротным сном спаў багаслоў. Яго жаданне споўнілася: цела яго адпачывала, а душа вандравала. «Нікога нельга назваць шчаслівым раней, чым ён памрэ», — сказаў Саламон; і цяпер яго словы зноў пацвердзіліся.

Кожны памерлы — гэта сфінкс, неразгаданая загадка І гэты «сфінкс» у чорнай труне ўжо не мог адказаць на тое пытанне, якое ён сам сабе задаваў за два дні да смерці.

 

О, злая смерць! Ты ўсюды сееш страх.

Твае сляды — магілы ды маленне.

Дык што ж, і думка знішчаная ў прах?

А я нікчэмная здабыча тлення? Што стогнаў хор праз цемру і слату!

Ты адзінока доўгі век пражыў,

І лёс быў твой цяжэйшы за пліту,

Што на магілу нехта палажыў.

 

У пакоі з'явіліся дзве жанчыны. Мы іх ведаем: то былі фея Смутку і весніца Шчасця, і яны схіліліся над памерлым.

— Ну, — спытала фея Смутку, — многа шчасця прынеслі чалавецтву твае галёшы?

— Што ж, таму хто, ляжыць тут, яны, прынамсі, далі вечную асалоду! — адказала фея Шчасця.

— О, не, — сказала фея Смутку. — Ён сам пайшоў са свету раней свайго тэрміну. Ён яшчэ не настолькі акрэп духоўна, каб авалодаць тымі скарбамі, якімі павінен быў авалодаць па самім сваім прызначэнні. Ну, я акажу яму дабрадзейства! — І яна сцягнула галёшы са студэнта.

Смяротны сон перапыніўся. Мярцвяк уваскрэс і падняўся. Фея Смутку знікла, а з ёй і галёшы. Напэўна, яна вырашыла, што цяпер яны павінны належыць ёй.

Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 1, средняя: 3.0 (от 1 до 5)

 

Наверх
<<< Предыдущая страница Следующая страница >>>
На главную
Содружество Друзей —  Школа Развития Человека

 

   

Старая версия сайта

Книги Родни Коллина на продажу

Нашли ошибку?
Выделите мышкой и
нажмите Ctrl-Enter!

© Василий Петрович Sеменов 2001-2012  
Сайт оптимизирован для просмотра с разрешением 1024х768

НЕ РАЗРЕШАЕТСЯ КОММЕРЧЕСКОЕ ИСПОЛЬЗОВАНИЕ МАТЕРИАЛОВ САЙТА!